На базе СВК “Макараўцы” адбыўся раённы семінар па ўзнаўленні статка

Лента новостей

Актуальным праблемам далейшага развіцця жывёлагадоўлі быў прысвечаны раённы семінар па ўзнаўленні статка, які нядаўна адбыўся на базе СВК “Макараўцы”. Месцам правядзення мерапрыемства сельгаскааператыў быў выбраны невыпадкова, нядаўна тут увялі ў эксплуатацыю новы малочнатаварны комплекс “Канюхі”. Сярэднясутачны надой тут зараз 18 з паловай кілаграмаў. На МТК “Лішкі” гэтай жа гаспадаркі ён на 3,4 кілаграма меншы. Нават такое простае параўнанне гаворыць пра эфектыўнасць вядзення жывёлагадоўлі па новых тэхналогіях.
Пра канцэнтрацыю значнай колькасці буйной рагатай жывёлы на вялікіх сучасных комплексах ёсць розныя меркаванні. Выказваюць іх і нашы аграрыі. Вельмі ж адрозніваецца сённяшняе вытворчае ўтрыманне кароў ад звыклага ранейшага, калі жывёлу з ранняй вясны да позняй восені выганялі на пашу. Зараз карціна іншая. На вялікіх комплексах круглы год каровы знаходзяцца ў памяшканні. Каб не было гіпадынаміі, захворванняў, жывёлаводы стараюцца наладзіць для іх мацыён. Прыходзіцца зай­мацца і абрэзкай капытоў.
Вы­слухаўшы меркаванні многіх прафесіяналаў, я прыйшла да высновы: сакрэт паспяховага вядзення сучаснай выт­ворчасці малака – у павышэнні якасці ўтрымання жывёлы. Калі раней кароўка карміла сям’ю ў вёсцы, дык сёння нарошчванне выпуску малочнай прадукцыі і продаж яе за мяжу ўмацоўвае эканоміку краіны, дае валюту.
Здаровая карова можа вырасці толькі са здаровага цяляці. Калі раней у сялянскім хляве, ужо ўстаўшы на хісткія яшчэ ножкі, яно колькі хацела, атрымлівала “элексіру жыцця” — цёплага малодзіва, дык зараз пра гэта трэба клапаціцца людзям. Не пазней, чым праз дзве гадзіны пасля нараджэння цялятка павінна атрымаць першую яго порцыю. Размарожваць яго трэба правільна, на ва­дзяной лазні і пры адпаведнай тэмпературы. Затым аналізам крыві на імунаглабуліны можна праверыць, ці дастаткова выпаілі цяляці малодзіва. Калі імунная сістэма моцная, яно не будзе хварэць.
Правільнае кармленне і дог­ляд дапамогуць вы­рас­­ціць здаровую цялушку, мець належныя тэхна­лагічныя прывагі. Рацыё­ны жы­­вёлы ўзростам з трох да шасці месяцаў і з шасці да дванаццаці маюць свае асаблівасці. Пра­дуктыўную ў будучым карову можна вырасціць, прытрымліваючыся патра­баванняў.
На ўдзельнікаў семінара аказала добрае ўражанне наведванне новага малочнатаварнага комплекса. Вытворчасць вядзецца па пэўнай сістэме. Каровы падзелены па секцыях, па ўзроўню прадуктыўнасці. Працуе пункт па штучным асемяненні, ёсць кабі­нет ветурача-гінеколага з неабходнымі медыка­ментамі, арганізаваны ўлік хворай жывёлы. За станам дойнага статку вядзецца камп’ютарны ўлік і кантроль.
Пры ўвядзенні ў эксплуатацыю новага комплекса і пры строгім захаванні сучасных тэхналогій можна разлічваць на добрыя вынікі, высокія надоі і нават малако “экстра”. Варта дадаць, што гэта магчыма пры ўсведамленні адказнасці кожнага працаўніка на сваім месцы, зладжанай працы ўсіх.
Пасля практычнай часткі мерапрыемства адбыўся абмен меркаваннямі. Гутарка вялася таксама пра вынікі работы гаспадарчых звёнаў па ўзнаўленні статка за першае паўгоддзе і задачы на ліпень. Былі заслуханы справаздачы. Адзначыць за добрую работу можна гаспадарчыя звёны СВК “Макараўцы”, “Алекшыцы”, РУСП “Масаляны”. А ў ідэале ставіцца задача – ад кожнай кароўкі атрымліваць па цяляці.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *