«Наш хутар моцна абстралялі…»

Лента новостей

Мы жылі ў Мураванай. Не ў самой вёсцы, а на хутары, каля рэчкі Свіслач. Там яшчэ чатыры хаты стаялі – сем’і Сарасекаў, Глябовічаў, Белакозаў жылі ў іх. Месца прыгожае, кусты ўздоўж берага, салаў’і спяваюць. А тут – вайна…
Добра помню, як яна пачыналася, што мы перажылі тады, бо не малая была – пад дзеўку ўзростам падбіралася. Нашы салдаты з боку Крынак адступалі. На беразе Свіслачы, у тых кустах, яны і акопваліся. А наш хутар аказаўся як на лініі фронту. Сям’я ў нас вялікая была: бацькі і сямёра дзяцей – я старэйшая, малым жа па пяць – восем гадоў. Адзін салдат, хіба афіцэр, сказаў татку: “Вы ўсе хавайцеся куды, бо будзе перастрэлка. А лепш, дык забірайце сям’ю і ўцякайце”. А тата, помню, паказаў на малых: “Куды я з імі пайду? Далёка не ўцячэш…” Спадзяваўся, што перасядзім неяк бой. Але мы не ўяўлялі, што будзе так страшна. Калі наляцелі нямецкія самалёты, засвісталі кулі і снарады, мы пабеглі ўздоўж Свіслачы, напрамкі цераз балота, у Малыя Эйсманты. Вакол вухкала, зямля, здаецца, станавілася на дыбы.
У Малых Эйсмантах сваякоў у нас не было, прытулілі чужыя людзі. А сціхла ўсё, вярнуліся мы дахаты, і мама, глянуўшы на хутар, заплакала. Снарадам з хаты знесла дах, павыляталі вокны, ды і сцены цагляныя ў многіх месцах пашкодзіла. Але, дзякаваць Богу, хата ўсё ж уцалела. А тры драўляныя дык згарэлі дашчэнту.
Татка накрыў дах ужо не дахоўкай – дзе яе возьмеш – а саломай. Вокны спачатку дошкамі забіў, так што і днём сядзелі пры лямпах, а потым памалу зашкліў.
Ды што хаты? Хутаране і самі не ўцалелі. Куля знайшла Эдзіка Сарасека. У падвале іх сям’я сядзела, а Эдзік малады, цікаўны – і выйшаў на двор паглядзець, дзе нашы, дзе немцы. Там, на падворку, і загінуў. І бацька, які выбраўся, каб уратаваць сына, таксама… І суседка наша, цётка Белакоз, загінула. Калі ўсё сціхла, і ўжо немцы прайшлі-праехалі пешшу і на матацыклах, мы пахавалі гэтых людзей. У Малую Бераставіцу вазілі, у касцёл, там на могілках і пахавалі.
Што ж тут казаць, нацярпеліся людзі. А за ўсю вайну колькі страху мелі?! Немцы спыніліся ў маёнтку графа ў Мураванай – там нейкі іх ваенны начальнік жыў. Нас, моладзь, на работу ў маёнтак ганялі. А на хутар не раз з вобыскам наляталі: надта партызанаў баяліся. Тыя, і праўда, заходзілі, бацькі ім харчы давалі.
… Такім помню пачатак вайны. А калі ў 44-м адступаў вораг – зноў страляніна была, зноў хаваліся. Але тыя дні радаснымі былі – уцякае немец, без вайны жыць будзем!
Расказ Б.Л.ПАНАСЮК
запісала Марыя ДРАПЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *