Навасёлы РУСП “Масаляны”

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_0033“Дом на зямлі – вялікае шчасце…”– такія словы мне даводзілася чуць ад шчаслівых навасёлаў, якія засяліліся ў новыя прыгожыя асабнякі ў РУСП “Масаляны”. Нядаўна тут асабліва паклапаціліся пра тое, каб замацаваць кадры ў сельскай мясцовасці, а значыць, мець сапраўднае будучае для гаспадаркі. Радуюць вока чатыры прасторныя дамы, адзін з якіх яшчэ не заселены і чакае ўдзячнага гаспадара. Два дасталіся маладым і яшчэ нежанатым спецыялістам – ветфельчару Анджэю Маціеўскаму і заатэхніку Віктару Іядкоўскаму. Першы хлопец закончыў Ваўкавыскі каледж, другі – Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Іх будучым жонкам пашанцуе, іх чакае цудоўны дамашні ачаг.
Мне давялося пагутарыць з навасёлам Юрыем Навагроцкім. Адбылося гэта на яго новенькай сядзібе. Вакол дома акуратная агароджа, а тэрыторыю ўжо абжылі жвавыя курачкі. Дзень быў сонечны, і настрой у механізатара і шматдзетнага бацькі такі ж прыемны і радасны. Пераехала сям’я з трыма дзецьмі са Шчучынскага раёна, дзе жыла ў інтэрнаце. Старэйшаму сыну Андрэю зараз 17 гадоў, дачцэ Насці — 14 і малодшаму Арцёму два з паловай годзікі. Калі хлопчыка апранулі і вывелі на падворак, ён абходжваў яго, як сапраўдны гаспадар. Прыемна было гэта бачыць. Спадабалася мне і прасторная веранда дома, тут ужо стаіць стол, а ў цёплыя дзянькі вясной і летам можна адчыніць акно ці дзверы і абедаць на свежым паветры. Дом цудоўны. А на ўчастку можна пасадзіць агародніну, кветкі. Калі ўсё будзе расці і цвісці, гэта будзе “райскі куточак”. Колькі фантазіі можна прыкласці, каб радавалася душа!
Якая важкая перавага ў сучасных аграгарадкоў перад вялікім горадам! Вяскоўцам можна па — добраму пазайздросціць. Нават псіхолагі сцвярджаюць, што для дзяцей важна расці на ўлонні прыроды, а не ў шматпавярховых гмахах, дзе ў людзей няма ўласнага кавалачка зямлі. Многія кажуць, што вясковыя людзі прасцейшыя, дабрэйшыя, і так было спрадвеку. А як многа значыць для дзяцей дамашняя жывёла, дапамога змалку бацькам па гаспадарцы! Працавітасць – залог далейшай самадастатковасці і паспяховасці ў жыцці.
Але ў наш час, у адрозненне ад таго, што было некалі пры Савецкім Саюзе, “нічога бяс­платнага не бывае”. Так сказаў галоўны эканаміст РУСП “Масаляны” Мікалай Сыс і паведаміў, што адзін такі асабняк каштуе каля аднаго мільярда рублёў, і гаспадарка пабудавала іх за крэдыт. Вядома, гэта вялікія грошы, але важна тое, што пра людзей паклапаціліся. Такое выдатнае жыллё – магутны стымул для самаадданай работы на карысць гаспадарцы.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *