Міхаіл Стралкоўскі — Ганаровы грамадзянін Бераставіцкага раёна

Лента новостей

IMG_6990Імя гэтага чалавека шмат разоў гучала ў свой час з высокіх трыбун падчас разнастайных нарад, пленумаў, святочных мерапрыемстваў. А аднойчы Міхаілу Адамавічу Стралкоўскаму нават давялося сядзець у прэзідыуме побач з тагачасным кіраўніком краіны, першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Машэравым.
— У акружным Доме афіцэраў праходзіла рэспубліканская нарада па вырошчванні цукровых буракоў, — успамінае Міхаіл Адамавіч.- Мяне, як загадчыка ўчастка, папрасілі падзяліцца вопытам работы, паколькі ўраджайнасць гэтай культуры ў нас была, бадай што, найлепшая ў рэспубліцы. Да выступлення перад такой аўдыторыяй я маральна падрыхтаваўся, але ніколі не чакаў, што прыйдзецца побач заняць месца з такім вядомым чалавекам. А ўжо пасля давялося вітаць Пятра Міронавіча падчас візіту ў нашым калгасе імя Варанецкага, у Рымуцяўцах.
Канешне, за такімі выдатнымі поспехамі стаяла высокапрадукцыйная праца многіх эйсмантаўскіх земляробаў. Яе вынікі дастойна ацэньвалі не толькі ў рэспубліцы, але і на саюзным узроўні. Міхаілу Адамавічу, як аднаму з лепшых аграрыяў Беларусі, давялося прадстаўляць нашу краіну на ВДНГ у Маскве. Дамоў вярнуўся тады з сярэбраным медалём і даволі дарагім на той час падарункам – дываном. А колькімі граматамі быў узнагароджаны на мясцовым узроўні за перамогу ў раённых спаборніцтвах!
— Каб усе скласці адна на адну, дык цэлая кіпа атрымалася б, — усміхаецца ён.
Зразумела, што проста так узнагароды не даставаліся. Каб да іх прыйсці, трэба было вельмі многа і напружана працаваць. Зрэшты, да гэтага Міхаіл прывык яшчэ змалку. Яго бацькі рана памерлі, і маленькага хлопчыка ўзяў на выхаванне да сябе дзядзька ў Жукевічах. Сястра з братам выехалі ў Польшчу. А ён пасля заканчэння ў 1966 годзе сярэдняй школы ў Індуры ўладкаваўся на працу ў “Абл­сельбуд” у Гродне. Спачатку быў вучнем, а потым працаваў самастойна ў аддзелачнікаў. Аднак праз пару гадоў Міхаіл вырашыў паступіць у Ваўкавыскі зааветэрынарны тэхнікум. Такім было тады і жаданне яго дзядзькі. Пасля вучобы атрымаў накіраванне ў калгас “Свіслач”, які ў 70-я гады аб’ядналі разам з “Гвардыяй”. Ужо потым гэта ўзбуйнёная гаспадарка атрымае назву імя Варанецкага і стане вядомай на ўсю краіну.
— Адразу тры пасады далі мне, — гаворыць Міхаіл Адамавіч. – Назначылі загадчыкам фермы ў Ярмолічах, загадчыкам участка і ветэрынарам давялося быць адначасова. Часам па 3-4 гадзіны спаў у суткі.
Пасля аб’яднання калгасаў стаў загадчыкам участка “Рымуцяўцы”. Скончыў завочна сельгасінстытут у Гродне. Некалькі разоў пасля гэтага яму прапаноўвалі нават узначаліць іншыя калгасы ў раёне, але ўсякі раз Міхаіл Адамавіч адмаўляўся. Прыкіпеў ён да сваіх месцаў і не хацеў нічога іншага. Агульны стаж яго работы перад выхадам на пенсію ў 2010 годзе склаў 42 гады. Але і сёння ён працягвае працаваць на карысць роднай гаспадаркі. Некаторы час так і заставаўся на сваёй былой пасадзе, а цяпер дапамагае маладому загадчыку ўчастка Зянону Стэцкевічу. У свой час ён быў настаўнікам і цяперашняга старшыні РУСП “Масаляны” Алега Антушэвіча. Ды і з многімі іншымі Міхаіл Адамавіч заўсёды ахвотна дзяліўся сваім багатым вопытам.
За доблесную працу Міхаіл Стралкоўскі быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, яму прысвоена званне “Заслужаны работнік СВК”. Міхаіл Адамавіч – Ганаровы грамадзянін Береставіцкага раёна.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *