Музей Вавёркі на ІІІ Нацыянальным форуме ў Магілёве

Культура Лента новостей

i9njd0igov0Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» – адна з найважнейшых падзей культурнага жыцця краіны. На гэты раз музейных работнікаў, а таксама спецыялістаў сферы музеялогіі і музейных тэхналогій як нашай краіны, так і гасцей з-за мяжы, сабраў горад Магілёў. Форум праходзіў 1-2 кастрычніка, і ў ліку адзінаццаці музеяў Гродзеншчыны ўдзел у ім прыняў Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы.
6nyvuuezxrg 14614374_1167787163286527_888223848_o fzidbug4vrs p61001-170639 zk6avys4hmg zxq73lcvilmНа форуме былі абмеркаваны актуальныя праблемы музейнай дзейнасці і вызначаны перспектыўныя шляхі яе развіцця, прадстаўлены лепшыя праекты, праграмы і публікацыі. На тэрыторыі спорткомплексу «Алімпіец» размясцілася больш за сотню дзяржаўных, ведамасных, грамадскіх і школьных музеяў Беларусі. На выставачнай пляцоўцы кожны з іх прэзентаваў сваю канцэпцыю і кірунак дзейнасці.
– На форуме мы ў чарговы раз пераканаліся, што музей Вавёркі – адзіны ў сваім родзе ў Беларусі, – дзеліцца ўражаннямі дырэктар установы Аляксандр Галавач. – Вядома ж, не ўсе пра нас ведалі, а таму і з боку калегаў-музейшчыкаў, і з боку наведвальнікаў да нас была праяўлена непадробная цікавасць. Тым больш што гасцей нашай экспазіцыі сустракала … Вавёрка. Мы ўзялі ў паездку касцюм роставай лялькі і ён, прызнацца, вельмі спатрэбіўся. Да таго ж жадаючыя мелі магчымасць пачаставацца арэхамі, уласнаручна раскалоўшы іх арэхаколам у выглядзе вавёркі, а таксама паласавацца выпечкай у форме гэтага сімпатычнага звярка-сімвала нашага мястэчка, атрымаць іншыя падарункі і сувеніры з сімволікай музея і Бераставіцкага раёна.
Экспазіцыі наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Афармленне выставачных пляцовак ацэньвала кампетэнтнае міжнароднае журы конкурснай праграмы на чале з генеральным дырэктарам Траццякоўскай галерэі Зельфірай Трэгулавай. Ад членаў журы нашы музейшчыкі пачулі нямала прыемных слоў пра ўнікальнасць сваёй музейнай канцэпцыі і экспазіцыі.
У рамках форуму і таксама на конкурснай аснове адбылася мультымедыйная прэзентацыя нашага музея пад назвай «Як жыве Вавёрка ў Вялікай Бераставіцы?». З вялікай сцэны нацыянальнага музейнага форуму ўсіх прысутных пазнаёміў з канцэпцыяй музея Вавёркі галоўны захавальнік фондаў Яўген Волкаў.
У адной з конкурсных намінацый форуму ўдзельнічаў і музейна-адукацыйны праект музея Вавёркі і аддзела адукацыі, спорту і турызму Бераставіцкага райвыканкама «Любі і знай любімы край!». І хоць заняць прызавое месца нашым прадстаўнікам не атрымалася, паколькі «змагаліся» яны ў адным раду са сталічнымі і гарадскімі музеямі, але заявіць пра сябе ім, безумоўна, удалося. Падчас традыцыйнага на такіх мерапрыемствах абмену прафесійным вопытам завязалася шмат новых знаёмстваў з калегамі з іншых рэгіёнаў нашай краіны, якія выказалі спадзяванні на будучае творчае супрацоўніцтва, а таксама паабяцалі неўзабаве наведаць наш раён і музей з экскурсіямі.
У ходзе такіх сустрэч удзельнікі форуму заўсёды абменьваюцца рэкламнай прадукцыяй – буклетамі, брашурамі, іншымі кніжна-ілюстрацыйнымі і метадычнымі матэрыяламі. Цікавай знаходкай для музея Вавёркі стала кніга Анатоля Гладышчука «Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі», падпісаная ў дар супрацоўнікамі гісторыка-мемарыяльнага музея «Сядзіба Нямцэвічаў» у вёсцы Скокі Брэсцкай вобласці. З бераставіцкай зямлёй род Урсын-Нямцэвічаў таксама звязаны. Яны – уладальнікі вёскі і фальварка Цецяроўка. Кніга, безумоўна, уяўляе цікавасць як для музейных работнікаў, так і для мясцовых краязнаўцаў.
За ўдзел у ІІІ Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» музей Вавёркі і яго калектыў адзначаны дыпломам, аднак галоўнае – удалося прыцягнуць да сябе ўвагу, разрэкламаваць сваю дзейнасць з тым, каб у будучыні павялічыць паток патэнцыяльных наведвальнікаў.

Святлана Ганчарова,
фота Яўгена Волкава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *