Малабераставіцкую сярэднюю школу наведалі родныя Геронція Цітаішвілі

Лента новостей

1У Малабераставіцкай сярэдняй школе надаецца вялікая ўвага грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў праз выкарыстанне патэнцыялу народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”. Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Тамары Іванаўны Эйсмант на базе музея створаны савет музея, пошукавыя групы, аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”. Адным з напрамкаў дзейнасці савета музея з’яўляецца арганізацыя пошукава-даследчай дзейнасці. У выніку дадзенай работы вучнямі пад кіраўніцтвам Тамары Іванаўны напісаны навукова-даследчыя работы, прысвечаныя ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, якія звязаны з нашай малой радзімай: “Патрыятычны ўчынак земляка” (Ілона Макулік), “Вызваленне Малой Бераставіцы ў дакументах і ўспамінах” (Ілона Макулік), “Савецкі салдат – вызваліцель народаў Еўропы” (Ілона Макулік і Кірыл Панасевіч), “Баявы шлях дырэктара Малабераставіцкай школы Ластачкіна Мікалая Мікалаевіча” (Кацярына Чорная), “Загінуў пры вызваленні Малой Бераставіцы” (Валерыя Лебедзь і Ніка Стубеда). Усе навукова-даследчыя работы вучняў былі адзначаны дыпломамі на раённых, міжраённых, абласных канферэнцыях і конкурсах.
Пошукавая группа “Памяць” прыняла актыўны ўдзел у творчым праекце да 70-годдзя Вялікай Перамогі “Імя на помніку”, у выніку якога вучні ўстанавілі месцы гібелі і пахаванняў без звестак зніклых мясцовых жыхароў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны І.М Карытца і С.І.Карпуця.
З мэтай увекавечвання подзвігу і памяці воінаў-землякоў савет музея далучыўся да стварэння электроннай Кнігі Памяці і размясціў інфармацыю на інтэрнэт-партале аб франтавіках “Pobeda 1945.su”.
На працягу шматлікіх гадоў саветам музея вядзецца вывучэнне жыццёвага і баявога шляху храбрага сына грузінскага народа камандзіра 250-й стралковай дывізіі палкоўніка Геронція Несцеравіча Цітаішвілі, які аддаў жыццё за вызваленне беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – загінуў 14 ліпеня 1944 года пры вызваленні Малой Бераставіцы.
У гонар Г.Н.Цітаішвілі ў Малой Бераставіцы адкрыты мемарыяльны знак, вуліца, на якой знаходзіцца наша школа, носіць яго імя. Памяці Г.Н.Цітаішвілі прысвечаны раздзел экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея школы.
З мэтай даследавання жыццёвага і баявога шляху, ушанавання памяці аб Г.Н.Цітаішвілі вучні-краязнаўцы нашай школы правялі экспедыцыю па баявым шляху 250-й стралковай дывізіі на тэрыторыі Бераставіччыны, сустрэліся і запісалі ўспаміны сведкаў тых падзей. Матэрыялы, атрыманыя ў ходзе экспе­дыцыі, былі прадстаўлены на рэспубліканскі конкурс на лепшы экспанат для новай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
2Адначасова з даследчай дзейнасцю вучні вялі мэтанакіраваную работу па пошуку родных Г.Н.Цітаішвілі, так як ранейшыя сувязі па аб’ектыўных прычынах былі страчаны. У першую чаргу савет музея наладзіў інтэрнэт-сувязі з Саветам ветэранаў Грузіі, затым інфармацыю аб пошуку размясціў на Інтэрнэт-сайтах “ Жди меня”, “Поиск своих. Грузия”.
Нам пашчасціла, што размешчаная інфармацыя не засталася незаўважанай. Напярэдадні святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі адгукнулася Ціала Вільчкоўская (Цітаішвілі), жыхарка г.Баранавічы, якая, як высветлілася, з’яўляецца пляменніцай Г.Н.Цітаішвілі. З яе дапамогай юныя даследчыкі ўстанавілі сувязь і з пляменнікам Зурабам, родным братам Ціалы, які пражывае ў Грузіі. У хо­дзе інтэрнэт-перапіскі з Зурабам Цітаішвілі вучні расказалі аб тым, як захоўваецца памяць аб Г.Н.Цітаішвілі і адначасова больш даведаліся аб родных Г.Н.Цітаішвілі. Родныя Геронція Несцеравіча Цітаішвілі былі вельмі ўсхваляваныя і ўдзячныя за тое, што ў школе вядзецца вялікая работа па захаванні памяці аб ім.
Неаднаразова запрашаючы родных Г.Н.Цітаішвілі наведать нашу школу і музей, савет музея спадзяваўся, што вялікая адлегласць паміж Беларуссю і Грузіяй не стане перашкодай для сустрэчы.
Чацвёртага студзеня 2016 года доўгачаканая сустрэча адбылася. У школу прыехалі Зураб Цітаішвілі і Ціала Вільчкоўская (Цітаішвілі) з мужам і сынам. Радасныя і адначасова ўсхваляваныя госці, наведаўшы школьны музей, былі моцна ўражаны тым, з якой павагай захоўваецца памяць аб Геронціі Несцеравічы Цітаішвілі ў школе.
На памяць аб доўгачаканай і радаснай сустрэчы з роднымі Г.Н.Цітаішвілі засталіся фотаздым­кі і запіс у кнізе водгукаў.
Дзякуючы сустрэчы з ганаровымі гасцямі, савет музея атрымаў новыя магчымасці для далейшага вывучэння жыццёвага і баявога шляху камандзіра 250-й стралковай дывізіі палкоўніка Геронція Несцеравіча Цітаішвілі, пашырэння кола знаёмства з роднымі і блізкімі Г.Н.Цітаішвілі і нала­джвання супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі дзвюх краін.
Вікторыя Кісялеўская,
дырэктар
Малабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *