Лёс не песціў іх, але падарыў даўгалецце

Лента новостей

Жанчыны гэтыя – зямлячкі і аднагодкі. Абедзве прадстаўніцы таго цягавітага пакалення, якому выпала цяжкая доля зведаць IMG_2256панскі прыгнёт, фашысцкую акупацыю, пасляваенную нястачу. І зусім невыпадкова, што лёсы іх у многім пераклікаюцца.
Кацярына Андрэеўна Гоўсь (на здымку ўверсе) нарадзілася ў вёсцы Чаплічы. У шэсць год страціла маму: адзін брат быў старэйшы за яе, астатнія ж – малодшыя, і Каця была для іх і матуляй, і нянькай. Хата ў таткі была малая, і зямлі ён меў мала. Таму, успамінае, у школу ў суседнюю вёску хадзіла ўсяго адну зіму – не было чаго апрануць, ды і вучылі там на незразумелай дзецям польскай мове. Дзякаваць Богу, кажа, што ў вайну не трапіла ў Германію, а вось братоў Паўла і Мішу забіралі парабкаваць на чужыне.
… Любоў Сцяпанаўну Баярчук ( на здымку ўнізе) вайна пакрыўдзіла моцна. Яна рана выйшла замуж, і калі прыйшлі немцы, мела ўжо маленькага сына. Мужа, Івана Усцінавіча, перад самай вайной узялі “ў рэзерв”. Калі напалі немцы, ён ваяваў. А потым у хату прыйшла пахаронка… Жыла маладая ўдава ў свёкра са свякрухай, у іх быў яшчэ адзін сын, Міша. Нехта падказаў немцам, што ў хату да іх, Лапскіх, заходзілі партызаны. Забралі і свёкра, і мужавага брата, адвезлі ў Ваўкавыскую турму. Потым старога свёкра ўсё ж адпусцілі, а Мішу расстралялі. І не толькі яго: у акупацыю загінула многа мужчын з Цецяроўкі, многія не вярнуліся з фронту.
–Так бацькі страцілі абодвух сыноў. І гора гэтае, здавалася, проста нельга перажыць,– успамінае бабуля Люба. – Старыя і не перажылі: у 49-м не стала майго свёкра, а ў 51-м – свякрухі.
… Кацярына Андрэеўна таксама рана выйшла замуж – на хутар каля Дзявятак. Яе Іван Паўлавіч быў чалавекам старанным, трымалі карову, каня. Пасля вайны працаваў у калгасе трактарыстам. З хутара яны выбудаваліся ў Дзявяткі, і якую ж прасторную хату паставілі! Кацярына Андрэеўна ў паляводстве была і ішла на любую, самую цяжкую работу, каб зарабіць большую капейку. Сцірты клала, пры пароўцы стаяла, у складзе жыта пералапачвала і насіла ў мяшках, бульбу выбірала, буракі палола… Работы і ў калгасе, і ў хаце заўсёды было цераз край. Але ці ж вясковыя жанчыны баяліся яе? Прала, ткала, а колькі коўдраў і падушак з гусінага пуху зрабіла для дзяцей і ўнукаў-праўнукаў! У сям’і Гоўсь выраслі і занявесціліся тры дачушкі, а потым з нараджэннем чарговага ўнука ў дом прыходзіла новая радасць. Здавалася, гэтак ладна будзе ісці жыццё і далей. Аднак… Лёс вельмі моцна пакрыўдзіў бацькоў: памерла іх сярэдняя дачка. Васемнаццаць гадоў ужо мінула, як не стала і Івана Паўлавіча.
…А Любоў Сцяпанаўна заставалася ўдавою ў сваёй Цецяроўцы да 62-га года. На той час жыла яна ў хаце адна – сын пасля тэрміновай службы абраў ваенную прафесію. І калі ўдавец з хутара пад Дзявяткамі прапанаваў ёй падзяліць з ім далейшае жыццё, доўга не разважала: у сям’і гэтай пасля смерці маці засталіся дзве маленькія дзяўчынкі, і Любоў Сцяпанаўна ведала, IMG_2260як патрэбны ім жаночае цяпло і ласка. Меншай, Раечцы, было шэсць гадкоў, і ад яе жанчына вельмі хутка пачула слова “мама”. Хаця, прызнаецца, было вельмі няпроста замяніць дзецям родную матулю. Тым больш, што неўзабаве муж паехаў на заробкі ў Карэлію, і яна засталася з дзяўчынкамі адна.
– Калі гляджу фільм “Мачыха” з Таццянай Даронінай у галоўнай ролі, то ў многіх сітуацыях пазнаю там сябе, – кажа.
Працавала Любоў Сцяпанаў-на на чыгунцы, на вугальнай базе. Па тым часе яны, як і Гоўсі, ставілі сабе новую хату і прасторную летнюю кухню ў Пагранічным. Але дзевятнаццаць гадоў назад жанчына зноў аўдавела: муж памёр, так і не закончыўшы аддзелку хаты знутры.
– Мне адной хапае месца ў цаглянай летняй кухні, – паказвае на свае досыць прасторныя два пакоі бабуля, – Ды і абагрэць яе няцяжка.
Дзеці ўсе няблізка: сын Сяргей у Мінску, старэйшая дачка Ліза ў Цверы, а малодшая Раечка – ў Брэсцкай вобласці. Прыязджаюць, летам з дзецьмі і ўнукамі.
А не так даўно ўсе яны сардэчна віншавалі матулю і бабулю з яе 90-годдзем. І суседзі прыходзілі ў гэты дзень з падарункамі, і на былой рабоце пра Любоў Сцяпанаўну не забыліся.
– Вельмі прыемна мне ад такой увагі, — кажа яна.– Ад кіраўніцтва чыгункі грашовы падарунак дораць не толькі на юбілей, але і на кожны дзень нараджэння, на кожнае 8-ае Сакавіка.
… Многа гасцей было і на святкаванні 90-гадовага юбілею Кацярыны Андрэеўны. Сям’я ў яе, як і ў Любові Сцяпанаўны, таксама вялікая – дарэчы, мае ўжо два прапраўнукі. За святочным сталом сядзела не толькі радня. Прыйшлі і жанчыны з Дзявятак – Данута і Зінаіда Гоўсь, Аляксандра Беляня, Рэгіна Пенер. Побач з імі яна жыла, працавала і ў полі, і ў складзе. Павіншаваць юбіляршу прыехалі намеснік старшыні СВК “Цецяроўка” па ідэалагічнай рабоце Марыя Некала і старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Аляксей Буры. Марыя Антонаўна ўручыла каштоўны падарунак, а яшчэ за кошт сельгаскааператыву Кацярына Андрэеўна атрымала 20 кілаграмаў мяса.
– Апошнім часам мяса выпісваюць штогод, – удакладняе бабуля Каця. – Раней я сваёй працай мацавала калгас, а цяпер вунь пра мяне клапоцяцца. І заўважае: не паверыце, але да 80 гадоў мела сілу і на работу хадзіць – бульбу перабірала, у поле спяшалася. Ну а на ровары не езджу толькі два ці мо тры гады: спіна балець стала і ў нагу боль аддае. У дачкі толькі першую зіму зімую, а так у сваёй хаце жыла.
На развітанне абедзьве бабулі казалі, што жадаюць усім дажыць да іх год. Бо, маўляў, “жытка цяпер не тая, што была раней – намнога лепшая і цікавейшая”.
– Не верыцца, што столькі пражыла, – кажа Кацярына Андрэеўна. – Хоць цяжкага было больш, чым лёгкага, на лёс не наракаю.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *