За плячыма – цэлы век: жыхар Бераставіцкага раёна адзначыў 100-гадовы юбілей

Лента новостей

Аб тым, што жыхар вёскі Міхайліна Іван Міскевіч пераступіў 100-гадовы рубеж, я даведалася ад старшыні Эйсмантаўскага сельскага Савета Людмілы Фядотавай.
— Гэта самы старэйшы жыхар на тэрыторыі нашага сельсавета, і мы хацелі б, каб вы аб ім напісалі, — папрасіла Людміла Мікалаеўна.
І вось мы з кіраўніком спраў Эйсмантаўскага сельвыканкама Святланай Татур накіроўваемся ў госці да 100-гадовага юбіляра.
Іван Пятровіч жыве не ў самой вёсцы Міхайліна, а непадалёк на хутары. Дагледжаны дом і агарод сведчаць аб тым, што людзі тут любяць працу і парадак. Як я потым даведалася, гэта ўжо справа рук дачкі гаспадара хутара, якая хоць і жыве ў Гродне, але кожныя выхадныя з сынамі прыязджае ў бацькоўскі дом.
Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Іван Пятровіч яшчэ даволі нядрэнна выглядае, праўда, ногі ўжо падводзяць і цяжкавата стала хадзіць.
— Гэта ў мяне апошнія шэсць гадоў, пасля таго, як здарыўся інсульт. Урачы нават не спадзяваліся, што я выжыву. Я не мог хадзіць, гаварыць, нічога не бачыў, але чуў, як яны гэта казалі. Але неяк вось выкарабкаўся, — успамінае юбіляр. – А наогул, смерць ужо разы 3-4 была зусім блізка каля мяне, але Бог мілаваў, відаць, не пара яшчэ была.
Іван Міскевіч нарадзіўся і практычна ўсё сваё жыццё пражыў тут, у Міхайліна.
Памяць яго яшчэ зусім не падводзіць, ён можа расказваць доўга і цікава, нават пажартаваў, што цэлую кнігу можна было б напісаць, каб успомніць усё тое, што было за гэтыя сто гадоў.
На здзіўленне, да драбніц памятае свае дзіцячыя гады, магчыма таму, што выпрабаванні на іх зваліліся зусім не дзіцячыя…
Нарадзіўся Іван Пятровіч у 1912 годзе, а ў 1914, з пачаткам Першай сусветнай вайны, яго бацьку забралі на фронт, а маці з трыма маленькімі дзецьмі паехала ў Расію, да сваіх бацькоў, якія жылі ў Іванаве. Слабая на здароўе, у Маскве яна памерла, пакінуўшы сіротак на волю лёсу.
Іван Пятровіч успамінае аб гэтым часе са слязамі на вачах: пастаянны голад у прытулку, куды адразу былі накіраваны дзеці, аўсяны хлеб з шалупіннем, які драў горла, потым бальніца, дзе кармілі ўжо параўнальна добра, затым дзяцей адаслалі ў Іванава да сваякоў маці. Адтуль іх і забраў у 1918 годзе бацька, калі вярнуўся з вайны.
Яшчэ адзін яскравы момант успамінаў – дарога з Расіі дамоў. Таксама страшны голад, на прыпынках дзеці збіралі пад вагонамі зусім дробную бульбу, якую часамі выкідалі іншыя пасажыры, бацька адышоўся ў поле назрываць капусных лістоў, каб пакарміць малых і адстаў ад поезда… Знайшоў дзяцей толькі праз некалькі станцый…
Не было лёгкім жыццё і пасля вяртання на радзіму. Бацька ажаніўся, раслі пры мачысе, а гэта зусім не салодкае жыццё, уздыхае Іван Пятровіч.
У бацькі было 15 га зямлі, трэба было дапамагаць па гаспадарцы. З 10 гадоў Іван ужо малаціў разам з бацькам, з 13 – хадзіў у заробкі да іншых. У школу яго бацька не пусціў: памочнік патрэбен быў заўсёды дома. Так і застаўся Іван Пятровіч непісьменным.
— Яшчэ друкаваныя польскія і рускія літары трохі разбіраю, а вось што рукой напісана, зусім не разумею. Але з арыфметыкай сябрую добра, грошы палічыць магу, — жартуе юбіляр.
У 1936 годзе Іван Пятровіч ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, першую пару жылі пры бацьку і мачысе, аб сваім доме толькі марылі. Пабудаваў яго Іван Міскевіч ужо пасля вайны, у 1949 годзе, сваімі рукамі.
У 1950 годзе, калі арганізаваўся калгас “Свіслач”, уступіў у яго адразу, пачаў працаваць у будаўнічай брыгадзе. Потым некалькі гадоў быў конюхам, ездавым, а затым доўгі час працаваў у паляводстве.
Працы ніколі не баяўся, стараўся, зарабляў нядрэнна. Пабудаваў сабе хату, дапамог дочкам пабудаваць кааператыўныя кватэры ў Гродне.
На адпачынак пайшоў толькі тады, калі ўжо меў 77 гадоў.
У Івана Пятровіча дзве дачкі, ужо і яны размянялі восьмы дзясятак, чацвёра ўнукаў, трое праўнукаў. Жонка памерла 18 гадоў таму, а ён застаўся адзін на хутары. Апошнія шэсць гадоў дома не зімуе: яго забіраюць у Гродна. Але на вясну і лета абавязкова вяртаецца. Сам яшчэ можа сабе нешта прыгатаваць, раз на ты-дзень да яго на хутар заязджае аўталаўка.
— Я сам папрасіў, каб яна лішне не ездзіла да мяне аднаго, — кажа Іван Пятровіч. – Я купляю ўсё неабходнае за раз і мне хапае на тыдзень. Дарэчы, вадзіцель аўталаўкі — вельмі добры хлопец, ён мне нават бульбы са склепа дастане, калі трэба. Вось так і жывём мы тут удваіх з кошкай, яна ў мяне ўжо восьмы год, на зіму застаецца адна, але неяк на вёсцы выжывае, людзі падкормліваюць…
Усяго было ў жыцці стогадовага юбіляра: і цяжкія хвіліны, і светлыя моманты.
— Цяжэй за ўсё прыходзіцца цяпер, калі ўжо ногі не хочуць служыць і здароўе не тое, што раней. Але ні пра што не шкадую, — на развітанне сказаў Іван Пятровіч. – І вам, дзеткі, таксама жадаю дажыць да майго ўзросту, бо жыццё варта таго, каб жыць.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *