Занесена на Дошку гонару

Лента новостей Человек и его дело

IMG_0013Памятаю Галіну Дудко яшчэ па нашай Вялікабераставіцкай сярэдняй школе. Яна была спакойнай, добрай, стараннай дзяўчынкай. Пасля школы паступіла ў Брэсцкае вучылішча радыётэхнікі, затым адпрацавала тэлефаністкай у раённым вузле электрасувязі 32 гады, пайшла на льготную пенсію. Але дома быць не захацела і ўладкавалася вагаўшчыцай у СВП “АграМір”. Як прыемна мне было даведацца, што здымак яе занесены на Дошку гонару сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства.
— Я заўсёды калгас любіла, — рас­казвае Галіна. – Мама мая некалі працавала ў гаспадарцы, потым у сталовай Бераставіцкага прафтэхвучылішча. Вагаўшчыцай я ўжо чацвёрты год. Мне гэтая работа падабаецца. Узважваю збожжа, камбікорм. А з вясны да восені ў нас як канвеер. Ідзе нарыхтоўка кармоў, уборка ўраджаю. Тады працоўны дзень працягваецца ад цямна да цямна.
У той дзень, калі мы сустрэліся, Галіна была занятая сваімі надзён­нымі справамі, якія ў гаспадарцы заўсёды знаходзяцца, нягледзячы на тое, што гарачая пара яшчэ не наступіла. Радуе вока новы зернесушыльны комплекс у “АграМіры”. Ужо не так шмат часу засталося, калі павязуць машыны сюды залатое збожжа з новага ўраджаю.
У Галіны свой дом у гарадскім пасёлку. Яна выдатная гаспадыня, любіць ствараць утульнасць і прыгажосць. Дзеці яе ўжо дарослыя, сын і дачка маюць свае сем’і. Сын жыве ў Гродне, дачка ў Бераставіцы. Усе, і зяць, і нявестка заняты ў будаўніцтве. Вельмі суцяшае Галіну, што дзеці яе самастойныя, добра зарабляюць, асабліва ў Гродне, таму пільнай патрэбы дапамагаць, як у іншых, у яе няма. Радуе жанчыну і малая ўнучачка.
Лёс Галіны, як і многіх жанчын, здаецца, нічым асаблівым не вызначаецца. Але гэта часцінкай і яе важнай запатрабаванай працы ўмацоўваецца дабрабыт гаспадаркі. Тут шмат сціплых непрыкметных працаўнікоў, без укладу якіх сапраўды не абысціся. Галіна адказны, камунікабельны, прыемны чалавек. Кожную даручаную справу выконвае як мага лепш, на яе можна спадзявацца, таму і заслужыла шчырую павагу сярод людзей.
Год ад году СВП “АграМір” стано­віцца мацнейшым, тут укладваюцца вялікія сродкі ў мадэрнізацыю вытворчасці, эфектыўнае развіццё. Людзі разумеюць гэта, таму гаспадарка мае будучае.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *