11-12 чэрвеня ва ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна прайшлі выпускныя вечары. 84 адзінаццацікласнікі развіталіся са школьнай парой і ўжо пачынаюць рабіць свае першыя крокі ў самастойнае жыццё. 4 з іх завяршылі сваё навучанне ў школе на “выдатна” і атрымалі за старанную вучобу залатыя медалі.
Адразу тры залатыя медалі накіраваліся ў Алекшыцкую сярэднюю школу. І хоць адзінаццацікласнікаў тут небагата: закончылі школу 8 выпускнікоў, але “ўраджай” медалістаў самы шчодры ў раёне. І ўсё гэта дзякуючы Паліне Акуліч, Анастасіі Масько і Надзеі Курыла (на здымку). Гэтыя дзяўчаты на працягу ўсіх школьных гадоў вельмі адказна падыходзілі да вучобы, актыўна ўдзельнічалі ў школьным і грамадскім жыцці, у шматлікіх раённых конкурсах, спаборніцтвах, прадметных алімпіядах.
Дзяўчаты прызналіся, што атрыманне залатога медалю не было іх самамэтай, галоўным яны лічаць атрымаць грунтоўныя і глыбокія веды, якія патрэбны будуць для прадаўжэння адукацыі ў вышэйшых научальных установах. Вядома, было дастаткова складана трымаць такую высокую планку на працягу ўсяго навучання ў школе, шмат часу аддаваць вучобе, каб заставацца выдатніцамі ўсе адзінаццаць гадоў. Але дзяўчаты справіліся з гэтым, папяхова здалі выпускныя экзамены і з хваляваннем і радасцю атрымалі заслужаную ўзнагароду.
Наперадзе іх чакаюць яшчэ шмат выпрабаванняў: цэнтралізаванае тэсціраванне, выбар спецыяльнасці па душы, паступленне ў вузы. Дарэчы, я пацікавілася ў дзяўчат, куды яны збіраюцца паступаць. Насця і Надзя плануюць стаць інжынерамі-тэхнолагамі, а Паліна хацела б у дальнейшым вывучаць лагістыку. Спадзяюся, што ў такіх старанных і адказных дзяўчат усе атрымаецца.
Яшчэ адным уладальнікам залатога медалю стаў Валерый Кулікоўскі з Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы. Валерый не проста выдатнік, ён актыўны ўдзельнік усіх школьных мерапрыемстваў, займаўся навукова-даследчай дзейнасцю, спортам, быў прэзідэнтам школьнай рэспублікі.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара