Заказнік “Свіслач”

Лента новостей

Svislach pojma 30_07_2012 by Dz_Vincheuski 059smНізінныя балоты – адзін з характэрных ландшафтаў Беларусі. Яны з’яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай нашай краіны. Балоты такога тыпу ў Еўропе амаль зніклі. А вось паміж вёскамі Грайна і Ярмолічы захавалася амаль ў некранутым стане адносна невялікае пойменнае балота. Яно ўнікальнае тым, што тут гняздуецца глабальна знікаючы від вяртлявай чаротаўкі, які ахоўваецца на нацыянальным і міжнародным узроўні. Мікрасвет балот яшчэ не дастаткова вывучаны, але і вядомая яго частка ўражвае сваёй разнастайнасцю. Велізарныя чароды гусей, розных відаў кулікоў спыняюцца тут для адпачынку і харчавання падчас міграцый. Акрамя гэтых відаў вадаплаўных балота служыць месцам адпачынку для розных відаў качак (шылахвостка, шыраканоска, чырок-свістунок, качка-свіязь і інш.) Падчас пералётаў тут назіраецца канцэнтрацыя лебедзяў-шыпуноў і лебедзяў-клікуноў. Адзначаюцца вялікія зграі чаек азёрных, сярод якіх сустракаюцца шызыя і серабрыстыя. На вясновых разлівах актыўныя розныя віды кулікоў: кнігаўкі, траўнік, вераценнік вялікі і інш. Сенакосы і палі па пойме Свіслачы з’яўляюцца месцам прыпынку і адпачынку вялікіх зграй залацістых сяўцоў. У летні час асаблівую ўвагу прыцягваюць калоніі гарадской ластаўкі і чорнай крачкі. Вёскі Ярмолічы, Грайна, Знайдзіна, Канюхі, Казлы і Магіляны – тэрыторыя гнездавання белага бусла. Свет драпежных птушак заказніка таксама разнастайны, тут адзначаны балотны і лугавы мышаловы, канюк звычайны, арлан-белахвост, сокал-пустальга і інш.
Svislach pojma 30_07_2012 by Dz_Vincheuski 025smУсё гэта і паслужыла асновай для стварэння ў 2003 годзе па ініцыятыве ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і пры падтрымцы мясцовых органаў улады біялагічнага заказніка мясцовага значэння “Свіслач”. Тэрыторыя заказніка – а гэта 2317 гектараў – увайшла ў склад міжнароднай прыродаахоўнай тэрыторыі важнай для птушак “Гродзенская Свіслач”.
– Гаспадарчыя работы на тэрыторыі заказніка абмежаваны, – гаворыць начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Шадрын. – А цяпер разглядаецца пытанне аб забароне вясновага палявання на вада­плаўных птушак у даліне ракі Свіслач на тэрыторыі Бера­ставіцкага раёна. Гэта даз­во­ліць зменшыць антрапагенную нагрузку на заказнік, захаваць біялагічную разнастайнасць відаў на дадзенай тэрыторыі, а таксама будзе садзейнічаць зберажэнню вадаплаваючых відаў птушак, занесеных у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь, у перыяд як вясновай міграцыі, так і ў перыяд гнездавання.
Падрыхтавала
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *