Заатэхнік-селекцыянер СВК “Алекшыцы” Людміла Заміроўская — «Чалавек года Гродзеншчыны»

Актуально Человек и его дело

Здагадайцеся, хто на здымку, жанчына якой прафесіі? Што вы падумалі? Прыгожая фігура, маладжавы твар, абаяльная ўсмешка… Каб фота было не ў нашай “раёнцы”, можна падумаць, што гэта кінаактрыса. Так яна выглядае, мая новая гераіня, заатэхнік-селекцыянер, сяльчанка.
Кожны раз, калі мне даводзіцца гутарыць з жанчынай, якая выбрала аграрную прафесію, мяне ахоплівае дваістае пачуцце. І не мяне адну. Колькі раз з субяседнікамі мы сыходзіліся на думцы, што жанчыне працаваць у сельскай гаспадарцы цяжка, трэба мець сілу волі. Думаю, што са мной згодзіцца кожны, у каго сялянскія карані. Памятаю сваю бабулю ў вёсцы, да якой мяне адвозілі на лета. Як вавёрка ў коле, увіхалася яна па гаспадарцы, ды яшчэ кожны год палола ладны кавалак калгасных буракоў і, будучы ўжо на пенсіі, не адмаўляла гэтаму ж калгасу дапамагчы, калі клікалі і трэба было нешта рабіць. Дзень яе пачынаўся з узыходам сонца і заканчваўся, калі яно, стомленае, як і ўсе мы, павольна садзілася ў аблокі ці не, на захадзе. Па гэтай прыкмеце вызначалі і надвор’е на наступны дзень. Чыстае неба абяцала зноў сонечнае. Мы, дзеці, палолі разам з дарослымі калгасныя буракі. Рады цягнуліся да гарызонту, здавалася, ім не будзе канца. У спёку, і калі не было дажджоў, многія, магчыма, думалі: “Не, не, больш ніколі! Як вырасту, паеду лепш у горад.” Паліваць доўгія грады калгаснай капусты было лягчэй. Нам здавалася, што гэта самая лёгкая і лепшая работа.
Новая гераіня мая таксама родам з вёскі. Заатэхнік-селекцыянер СВК “Алекшыцы” Людміла Заміроўская нарадзілася і вырасла ў Шчучынскім раёне. У мнагадзетнай сям’і было шасцёра дзяцей. Бацькі трымалі вялікую хатнюю гаспадарку, таму без дапамогі сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак не маглі абысціся. Аднак на маё пытанне, чаму яна выбрала аграрную прафесію, Людміла Вацлаваўна дала шчыры адказ:
— А я і не хацела яе выбіраць. Я нават карову даіць толкам не ўмела. Я марыла быць цырульнікам. Проста ў мяне не атрымалася. Тады падала дакументы ў сельгасінстытут. У школе вучылася добра. Думаю, у маладосці не кожны ведае, кім дакладна ён хоча стаць, лёс усё расставіць на свае месцы. У мяне атрымалася зусім іншае…
Пра гэта сведчаць яе ўзнагароды, здабытыя нялёгкай працай. Першае месца ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства ў 2011 годзе, дыплом другой ступені за ўдзел у рэспубліканскім сярод работнікаў па штучным асемяненні жывёлы. А вось самая каштоўная адзнака яе працы – Людміла стала «Чалавекам года Гродзеншчыны» па выніках мінулагодняй работы. Яе віншаваў з такім званнем і падарыў букет шыкоўных кветак на Дзень незалежнасці старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра.
— І як вы сябе адчувалі? – цікаўлюся я.
— О, вельмі хвалявалася. Столькі было людзей. Букет раскошны падарылі. Добрую прэмію далі, амаль 10 мільёнаў рублёў, было за што старацца. А колькі людзей мяне потым віншавалі! Званілі і калегі, і сябры, і тыя, з кім мы некалі вучыліся. Мы падтрымліваем сувязь.
Шлях да такога прызнання быў няпросты. Муж Людмілы Вацлаваўны таксама зааінжынер, пасля трэцяга курса іх перавялі ў адну групу, таму што яны пажаніліся. Разам паехалі па размеркаванні ў Зэльвенскі раён. Пражылі там амаль 8 гадоў. Трымалі гаспадарку – карову, свіней, курэй.
— Я лічу, што вельмі вялікае значэнне мае калектыў, у які трапляеш. Калі людзі харошыя, можаш там застацца назаўсёды. Нам сустракаліся харошыя людзі.
На Алекшыцкую зямлю яны пераехалі па запрашэнні Міхаіла Міхайлавіча Сіцько. Віктар Заміроўскі з Бераставіцкага раёна, таму вырашылі паехаць на яго радзіму. Тут ім спадабалася больш, на Бераставіччыне аграрная вытворчасць лепш развітая. Сям’і спачатку далі кватэру, потым дом.
— Адзін у полі не воін, — працягвае свой аповед Людміла. – Харошых людзей нашмат больш, чым дрэнных. І кіраўнікі, і працаўнікі нам сустракаліся добрыя. Гэта Уладзімір Карытца, зараз ён галоўны заатэхнік, Ян Эйсмант, тэхнік-асемянатар, Марына Альшэўская, памочнік брыгадзіра МТК “Алекшыцы”, Наталля Трахімчык, кіраўнік комплексу, Аляксандр Фартэль, начальнік цэха вытворчасці малака, Рэгіна Лашэвіч, загадчык фермы “Падбагоннікі” і многія іншыя. Я ўсім ім шчыра ўдзячна. Калектыў у нас вельмі добры, можна было б узнагароджваць кожнага другога, не толькі мяне. Гэта вялікая справа, калі працуеш разам без зайздрасці, без зла, з падтрымкай і ўзаемадапамогай. Вядома, былі і цяжкасці. Але разам, у камандзе, іх і пераадольваць лягчэй. Мы патроху, крок за крокам ішлі да сваіх сённяшніх вынікаў. Выхад цялят на 100 кароў – 95, гэта добры паказчык. Прадуктыўнасць 7532 кілаграмы за мінулы год таксама высокая. У нас ёсць асобныя каровы, якія ў перыяд раздою даюць па 60 – 70 кіла-грамаў малака ў суткі. Высокапрадуктыўны статак адзін з лепшых у раёне. Сярэднясутачны надой зараз 24 кілаграмы.
— Як вы прыйшлі да гэтага? – пытаюся.
— Раскрываем генетычны патэнцыял жывёлы. Маці быкоў, семя якіх мы выкарыстоўваем, давалі па 14 -15 тысяч кілаграмаў малака ў год. Цяляты здаровыя, усе тэхналагічныя прывагі ў жывёлы захоўваюцца. На асемяненне ідуць цялушкі ўзростам 14 -15 месяцаў і вагой 400 – 415 кілаграмаў. Захаванне тэхналогій мінімізуе выдаткі. Развіваем і мясную жывёлагадоўлю.
— А малако “экстра” зможаце атрымліваць?
— У перспектыве зможам. На дасягнутым спыняцца не збіраемся, думаю, што чытачы яшчэ не раз прачытаюць пра поспехі нашага калектыву, у нас яшчэ многа рэзерваў.
Мне было цікава, чым любіць займацца Людміла ў вольны час, ці ёсць у яе захапленне?
— Захапленне ў мяне адно – сям’я. Дзеці, муж – вялікае дзіця, — кажа яна жартам. — Сын вучыцца завочна ў Гродзенскім аграрным універсітэце, працуе вадзіцелем. Дачка – школьніца, захапляецца музыкай і танцамі. Займаюся домам, агародам, люблю кветкі. У маладосці цягнула ў горад, а зараз я туды не хачу. У вёсцы добра, спакойна, няма гарадскога тлуму, чыстае паветра…
Я поўнасцю згодна. І на развітанне, успамінаючы актрыс, якія вымушаны купляць дарагія крэмы і ўсё ж рабіць мноства пластычных аперацый, задаю апошняе пытанне:
— А як вам удаецца так добра выглядаць?
Людміла Вацлаваўна ўсміхаецца:
— Рэцэпт просты – трэба быць шчаслівай…
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *