Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся

Лента новостей

Няпростыя, але цікавыя лёсы ў нашых вяскоўцаў… Гэта іх ня­стомнымі руплівымі рукамі ства­раюцца даброты для ўсёй краіны, і ў нас ёсць духмяны хлеб і да хлеба на будзённым і святочным стале. І часта мы нават не задумваемся, колькі працы ўкладваецца ў тое, каб вырашалася харчовая праграма. У кожным чалавеку “ад зямлі”, які прысвяціў жыццё сельскай гаспадарцы, ёсць нешта незвычайнае, што прыцягвае ўвагу. Такія людзі вызначаюцца сілай волі, маюць свой светапогляд і адметны жыццёвы вопыт. У іх можна многаму павучыцца.
Імя тэхніка па штучным асе­мяненні жывёлы Яна Эйсманта (на здымку) з СВК “Алекшыцы” добра вядомае аграрыям раёна. Неаднаразова гэты выдатны спецыяліст перамагаў у прафесійных конкурсах, пад­трымліваў гонар нашай роднай Бераставіччыны. У развіцці жы­вё­лагадоўлі раёна ёсць і час­цінка яго важнай працы.
Родам Ян з вёскі Калеснікі, сялянскую працу зведаў і палюбіў з дзяцінства, паступіў пасля заканчэння школы ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Ву­чыўся на заатэхніка, а на практыку прыехаў у родныя мясціны — калгас імя Леніна. І трапіў у “добрыя рукі” старэйшых і больш вопытных калег. У гэтай гаспадарцы ўмелі і ўмеюць прывабліваць людзей. Тут разумеюць і шчодра дзеляцца з іншымі адной адвечнай ісцінай: немагчыма затрымаць чалавека на нялёгкай працы нават ні сучасным жыллём, ні адпаведнай зарплатай, калі няма добрых адносін да яго. А калі чалавек, асабліва малады, адчувае шчырую павагу да сябе і падтрымку, калі яму паказваюць станоўчы прыклад, як працаваць у моцнай дружнай камандзе, заахвочваюць яго, можна чакаць, што ён не будзе шукаць сабе іншага месца. Так было і з Янам Эйсмантам, лічу, пашанцавала яму, што сустрэлася яму на жыццёвым шляху вопытны заатэхнік — селекцыянер Ганна Міхаленка, зараз намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце і старшыня прафкама гаспадаркі. Ведаю, які цікавы, камунікабельны і мудры гэты чалавек, як клапоціцца яна пра агульную справу, умее згуртаваць людзей, аб’яднаць іх. Пасля той удалай студэнцкай практыкі і з лёгкай рукі Ганны Іосіфаўны і вярнуўся Ян у родны калгас ужо з новенькім дыпломам аб вышэйшай адукацыі. Цяпер і сам “ас” у жывёлагадоўлі. Стаж яго работы — чвэрць стагоддзя. За гэты час вельмі палепшыліся паказчыкі, да работы сваёй чалавек ставіцца заўсёды добрасумленна і з вя­лікай адказнасцю.
— А ні разу не было такой думкі, Ян Матэвушавіч, што ў горадзе Вам было б лепш? – цікаўлюся я.
— Не, я вясковы жыхар! Хаця жыць у вёсцы, а не ў горадзе нялёгка, не кажучы ўжо пра работу.
— Ваша работа незвычайная ўжо тым, што Вы літаральна ствараеце жыццё новай жывой істоце. Ці выклікала гэта нейкія асаблівыя пачуцці?
— Калі павінна было нарадзіцца першае цяля, я хваляваўся, каб усё добра было, — прызнаецца мой субяседнік. — А зараз гэта для мяне ўжо паток.
— А двойні, тройні, здараецца, што нараджаюцца ў кароў?
— Так. Двойні ў буйной рагатай жывёлы складаюць 3-4 працэнты ад агульнай колькасці, а вось тройні сапраўды бываюць вельмі рэдка. За ўсю маю працу нарадзілася іх 5.
І кожны раз гэта сапраўдная па­дзея і радасць для жывё­лаводаў.
Нагрузка ў спецыяліста вялікая. На сённяшні дзень у СВК “Алекшыцы” 925 дойных кароў, 80 мясных, а яшчэ ж ёсць і цялушкі. Вытворчасць наладжаная, як ланцужок, з кожным годам тут растуць надоі, раскрываецца генетычны патэнцыял жывёлы. І рэзервы для паляпшэння паказчыкаў ёсць, калектыў СВК “Алекшыцы” не спыняецца на дасягнутым.
— Праца наша калектыўная, — гаворыць Ян Матэвушавіч. – Ад аднаго мяне нічога не залежыць. Значэнне маюць і генетыка, і парода кароў, і кармленне, і ўтрыманне. Толькі разам мы можам паляпшаць свае паказчыкі.
У СВК “Алекшыцы” спадзяюцца, што гэты год у жывёлагадоўлі будзе не горшы, а, магчыма, і лепшы, чым мінулы. Ганаровую планку васьмітысячнікаў па надоі ма­лака на карову ўтрымаць і пераўзысці нялёгка. Такіх моц­ных гаспадарак няшмат у рэспубліцы. Нездарма вялікую ўвагу тут надавалі і надаюць сучасным тэхналогіям. Ужо і самі алекшыцкія аграрыі могуць вучыць іншых перадавому вопыту. У многіх сельгаскааператывах краіны пра такія паказчыкі, як у СВК “Алекшыцы”, яшчэ толькі мараць…
Калегі па працы вельмі ста­ноўча выказваюцца пра Яна Эйсманта. Кажуць, што ён не толькі работнік адказны, але і вельмі добры, спагадлівы чалавек. Ніколі нікога не падвёў, калі што скажа, абавязкова зробіць. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Уладзімір Карытца гаворыць, што разам з такімі выдатнымі спецыялістамі ім па плячу далейшыя складаныя задачы па нарошчванні прадукцыі жывёлагадоўлі.
А сфатаграфавала я Яна Матэвушавіча каля камфортнага дома, які яму прадаставіла гаспадарка. Вельмі пастаралася на прысядзібным участку яго жонка, з такім густам так тут усё аздоблена. Цвітуць яркія цудоўныя ружы, вока радуецца на такую прыгажосць. Надвор’е ў той дзень, калі адбылася наша нядоўгая размова, было сонечнае, хаця на двары ўжо адчуваўся поступ залатой восені. І ўражанне ад больш блізкага знаёмства з гэтым паважаным чалавекам у мяне засталося самае лепшае – на сваім месцы спецыяліст, правільны выбар зрабіў у жыцці, такімі людзьмі могуць ганарыцца аднавяскоўцы.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *