Дзень Незалежнасці. Што значыць ён для вас асабіста?

Лента новостей

Н.Е.Марцуль, в.Плюскалаўцы:
— Мне восемдзесят чацвёрты год, і ў жыцці я пабачыла многае. У час вайны непаўналетняй парабкавала ў Германіі, пакутавала ў канцлагеры. Тата мой быў кінуты  ў Беластоцкую  турму, потым  таксама апынуўся  ў канцлагеры. А брат  мой, Аляксандр, ваяваў і загінуў на той праклятай вайне. Вось такі след пакінула ў жыцці нашай сям’і  вайна…
Да 65-годдзя Перамогі мяне запрасілі  ў раённы  выканаўчы камітэт і ўзнагародзілі юбілейным медалём. Вельмі прыемна, што помняць, шануюць. І ў сельгаскааператыве  не забываюцца, таксама павіншавалі з Днём Перамогі і ўручылі грашовы падарунак.
Так што самі разумееце, што для мяне Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — гэта  вялікае свята. Хіба не шчасце, што жывём мы ў такой  краіне, як наша? Цаніць трэба, шанаваць і берагчы тое, што маем: мір і спакой на роднай  зямельцы, усе здабыткі нашы. У мяне дзве дачкі, трое дарослых унукаў і чатыры праўнукі. І я рада, што жывуць яны ў такой цудоўнай краіне, як наша Беларусь.

В.І.Лукашэвіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Малабераставіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя перапрацоўчай прамысловасці:
— Дзень Незалежнасці – гэта галоўнае свята любой дзяржавы. І вельмі сімвалічна, што яно адзначаецца ў дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Асабіста мяне ў гэты дзень ахоплівае пачуццё гонару за свой народ, які выстаяў у цяжкай вайне і цяпер мірнай і стваральнай працай умацоўвае свой суверэнітэт. А яшчэ гэты святочны дзень заўсёды напоўнены цікавымі мерапрыемствамі, сустрэчамі з сябрамі. Давялося пабываць на святкаванні Дня Незалежнасці ў Мінску – уражанне             незабыўнае,  вось   там  па-сапраўднаму адчуваеш, што беларусы — народ, які беражэ сваю незалежнасць і ганарыцца сваёй гісторыяй.

А.П.Барэль, намеснік  начальніка  Бераставіцкага  РАУС  па  ідэалагічнай рабоце, падпалкоўнік міліцыі:
— Гэты дзень перш за ўсё асацыіруецца з вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Я, як напэўна і ўсе ваеннаслужачыя краіны, адчуваю вялікі гонар і выказваю ўдзячнасць і павагу салдатам-пераможцам, якія выгналі фашыстаў з нашай зямлі. Воіны-вызваліцелі прадоўжылі слаўныя традыцыі нашых продкаў, якія ніколі не схіляліся перад ворагам: пра тое сведчаць перамогі на працягу стагоддзяў у шматлікіх бітвах і войнах. Незалежнасць дае нам зараз магчымасць самім выбіраць свой шлях, адчуваць сябе гаспадарамі на сваёй зямлі і ганарыцца за Беларусь, яе здабыткі.
Дзень Незалежнасці – гэта сімвал адзінства нашага грамадства, міра і стабільнасці.

В.І.Ляховіч, начальнік аддзела культуры райвыканкама:
— Для мяне асабіста 3 ліпеня — гэта свята суверэннай,   самастойнай дзяржавы, эканоміка якой дынамічна развіваецца, упэўненымі крокамі ўмацоўваецца сацыяльная сфера, ствараецца стабільнае грамадства. Дзяржава, якую добра ведаюць на міжнароднай арэне і з якой лічацца ў свеце. Гэта—наша Беларусь. І ганаруся, што жыву тут.
У кожнага народа ёсць свае знамянальныя падзеі, якія выклікаюць пачуццё гордасці і нацыянальнай годнасці. Менавіта барацьба за вызваленне ад фашызму выявіла лепшыя нацыянальныя рысы характару нашага народа—патрыятызм, прагу да свабоды, веру і аптымізм, якія і сёння дапамагаюць пераадольваць любыя цяжкасці. І наша задача як нашчадкаў тых, хто змагаўся за Радзіму на фронце і ў тыле, аднаўляў краіну пасля вайны, — зрабіць усё, каб Беларусь і надалей мацнела і квітнела.

Т.С.Жэнгелевіч, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Малабераставіцкі элітгас”:
— Кожны год у гаспадарцы мы імкнемся сустрэць гэтае свята працоўнымі поспехамі.  Стараемся выхоўваць моладзь так, каб юнакі і дзяўчаты любілі сваю Радзіму і шанавалі тых людзей, якія ўнеслі свой уклад у станаўленне незалежнасці нашай краіны. Хочацца, каб узрастаў дабрабыт і рэспубліка квітнела. Сама я асабіста ў гэты дзень люблю глядзець тэлевізар, цікаўлюся, як адзначаецца ўсенароднае свята ў іншых месцах.   Мая прафесія накладвае адбітак і на выхаванне ўласных дзяцей. У мяне іх двое – Артур і Анжаліка. Сыну 15 год, дачцы — 8. Расказваю ім пра нашу  гісторыю, хачу, каб яны цанілі  і паважалі яе, выраслі годнымі людзьмі. 

Г.М.ЗАЙКО, пенсіянерка:
— Дзень Незалежнасці для мяне, для чалавека старэйшага ўзросту, неразрыўна звязаны з другой вельмі важнай падзеяй у нашай гісторыі – вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх  захопнікаў  падчас  Вялікай Айчыннай вайны. За ўсю гісторыю існавання нашы землі не аднойчы падвяргаліся нападу акупантаў. І ніколі не абыходзілася пры гэтым без чалавечых ахвяраў. Аднак такога кровапраліцця, як у час другой сусветнай вайны, мабыць, не было ніколі. Вось чаму дзень вызвалення ад акупантаў нашай роднай Беларусі, які потым быў абвешчаны Днём Незалежнасці, так дарагі для мяне і мільёнаў маіх суайчыннікаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *