Да пясчанай “атакі” гатовы

Лента новостей

Нягледзячы на надышоўшыя халады, у працаўнікоў з ДРБУ-160 цяпер самы гарачы сезон. Кіруючыся сваёй галоўнай задачай, а менавіта, — забеспячэннем бяспекі дарожнага руху – на аўтадарогі раёна тут высылаюць кожны дзень па некалькі адзінак спецыяльнай тэхнікі. У залежнасці ад пагодных умоў праводзіцца снегаачыстка або падсыпка іх пясчана-салянай сумессю. Нагадаю, што ўсяго гэта арганізацыя абслугоўвае 575 кіламетраў дарог, з якіх 335 маюць асфальтабетоннае пакрыццё, а астатнія – гравійныя. Больш за палову ад усёй дарожнай сеткі прыпадае на наш раён, і 275 кіламетраў – на Гродзенскі.
— Сёлета, як, дарэчы, і заўсёды, да зімы мы рыхтаваліся загадзя і грунтоўна,- гаворыць галоўны інжынер ДРБУ-160 Дзмітрый Кучынскі. – Тэхніка адрамантавана. На балансе арганізацыі налічваецца, у прыватнасці, 15 МАЗаў, 10 трактароў маркі МТЗ, 4 пагрузчыка. Для расчысткі снегу ёсць 8 адвалаў, для падсыпкі – 8 пяскараскідвальнікаў. Пакуль абыходзімся паловай з іх. А ўсяго на барацьбу са снегам можам задзейнічаць аднаразова да 20 адзінак тэхнікі.
— Што датычыць матэрыялаў для апрацоўкі дарог, то тут карціна наступная,- працягвае мой суразмоўца. – На сённяшні дзень забяспечанасць пясчана-салянай сумессю складае 85 працэнтаў. У абсалютных лічбах гэта складае прыкладна 4700 тон. Усе сумесі размешчаны на трох спецыяльных пляцоўках. Запасы іх працягваем папаўняць. На днях атрымалі дадаткова яшчэ два вагоны солі. Пяску хапае свайго. Дарэчы, наш Індурскі кар’ер – пяты па велічыні ў вобласці.
Яшчэ пра адну цікавую дэталь даведаўся я тут – свой план дзеянняў дарожнікі каардынуюць у залежнасці ад прагнозу надвор’я, за якім, з некаторага часу сталі уважліва сачыць у Інтэрнэце. Так, раніцай, у мінулы чацвер яшчэ стаяла плюсавая тэмпература, а, дзякуючы прадказанням сіноптыкаў, у ДРБУ-160 рыхтаваліся да ўзмоцненай “пясчана-салянай” атакі. І сапраўды, у другой палове дня тэмпература рэзка змянілася на адмоўную.
Для прыняцця аператыўных мераў, як паведаміў інжынер па бяспецы дарожнага руху Аляксандр Гаўрыленка, арганізавана кругласутачнае дзяжурства інжынерна-тэхнічных работнікаў. Калі дзяжурны заўважае нейкія экстрэмальныя змены ў надвор’і, у любы час сутак ён выклікае на работу вадзіцеляў і механізатараў.
— У першую чаргу, — гаворыць Аляксандр Фёдаравіч, — выязджаем на найбольш важныя дарогі – трэцяга ўзроўню і на тыя, па якіх пралягаюць аўтобусныя маршруты. Дарог трэцяга ўзроўню, па важнасці яны ідуць адразу пасля рэспубліканскіх, у нас налічваецца 83 кіламетры, 200 кіламетраў аднесены да чацвёртага ўзроўню. Дык вось, на першыя, па нарматывах, адводзіцца 6 гадзін, каб прыступіць да працы пасля заканчэння снегападу і галалёду, на другія – 9 гадзін. Ёсць у нас і спецыяльны журнал, куды запісваецца інфармацыя, паступіўшая па тэлефоне. Звоняць старшыні сельсаветаў, проста грамадзяне. Стараемся рэагаваць на ўсе звароты. Аднак хацелася б у гэтай сувязі папрасіць людзей аб узаемаразуменні і звярнуць увагу на тое, што за некалькі гадзін мы не можам ахапіць адразу ўсё. Для расчысткі моцна занесеных снегам дарог патрабуецца час. А ўвогуле нашы працаўнікі добра разумеюць сваю адказнасць за выкананне пастаўленых перад імі задач і стараюцца аператыўна ліквідаваць небяспечныя “вузкія” месцы на дарогах раёна.

На здымку: у свой чарговы рэйс з пяскараскідвальнікам рыхтуецца вадзіцель Уладзімір Кузюкевіч.
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *