Даваенны «штэтл», або Некалькі гісторый з жыцця бераставіцкіх яўрэяў

Из истории земли Берестовицкой Культура

Думаю, што кожны дарослы чалавек у паўсядзённым жыцці чуў такія словы як “шабашка”, “шабаш”, “шмон” альбо “цымус”. Большасці з іх няма ў слоўніках, аднак усе ведаюць, што “шабашка” – гэта хаўтурная, нелегальная работа, а “шабаш” – увогуле заканчэнне ўсялякай працы і пераход да адпачынку альбо святкавання. Слова “цымус” асацыіруецца ў нас з нейкімі прысмакамі ці далікатэсамі. Калі чалавеку вельмі падабаецца якая-небудзь кулінарная страва, ён яе хваліць прыгаворваючы: “самы цымус”. Адкуль гэтыя словы ўзяліся ў нашым паўсядзённым лексіконе? Якое яны маюць паходжанне?
На самой справе яны маюць дачыненне да іўрыта – яўрэйскай мовы. Перайшлі яны ў наш лексікон ў тыя ўжо далёкія для нас 20-30-я гады ХХ ст., а можа яшчэ і раней, калі амаль палову насельніцтва тагачасных гарадоў і мястэчак Заходняй Беларусі, калі не большасць, складалі яўрэі – людзі “Майсеевай веры”, як іх яшчэ называюць.
Не было выключэннем у тыя далёкія часы і наша мястэчка. Даваенны ”штэтл” Вялікая Бераставіца (“штэтл” у перакладзезе з іўрыта азначае “мястэчка”) налічваў каля 750 іўдзеяў. А ўсяго ў населеным пункце пражывала тады прыкладна 2000 жыхароў.
Некалі ўсе яўрэйскія гандлёвыя кропкі і варштаты (майстэрні) ў Бераставіцы ў суботу былі зачынены. Таму што ў гэты дзень быў “Шабас” (ад яго паходзяць “шабашка”,”шабаш”) – вялікае яўрэйскае суботняе свята, тое самае, што для хрысціян нядзеля. Згодна са старой іўдзейскай традыцыяй, у гэты дзень іўдзеям забараняецца працаваць. А да суботняга свята “Шабас”, зразумела, гатаваліся святочныя стравы, і перш за ўсё гэта быў “цымес”– страва з тушанай гародніны. Былі таксама іншыя стравы, напрыклад, з рыбы. А яшчэ выпякаліся прыгожыя булкі-пляцёнкі “халы”. Нават да сённяшняга дня многія людзі, пераважна сталага ўзросту, называюць у крамах па старой звычцы ўсе булкі, якія маюць выгляд пляцёнак,“халамі”.
З гэтым своеасаблівым народам цесна звязана гісторыя Вялікай Бераставіцы. Я прапаную чытачам некалькі цікавых фактаў з жыцця бераставіцкіх яўрэяў даваеннага перыяду.

Гісторыя першая. Гартаючы раённую кнігу “Памяць”, трапіў на спіс мірных жыхароў Бераставіччыны яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляных фашыстамі ў часы вайны. Разам з іншымі ў дадзеным спісе значыцца прозвішча Оніна Арчыка і яго сям’і з 6 чалавек. Цікава, але гэта прозвішча я раней сустракаў у архіўных дакументах, а таксама чуў ад бераставіцкіх старажылаў.
Кім быў гэты чалавек? Перад Другой сусветнай вайной Онін Арчык, ці проста Арчык, як яго называлі жыхары мястэчка, быў уладальнікам невялікага і надзвычай папулярнага цэха па выпечцы хлебабулачных вырабаў ў Вялікай Бераставіцы. Прадукцыя гэтай прыватнай пякарні карысталася вялікім попытам ва ўсёй акрузе. Увогуле яўрэі ў тыя даўнія часы лічыліся выдатнымі хлебапёкамі і гэтую справу яны цалкам трымалі ў сваіх руках. Драўляны двухпавярховы дом Арчыка знаходзіўся дзесьці ў раёне паміж сучаснымі рэстаранам “Колас” і гасцініцай (Дзяржынскага 2). Раней вуліца Дзяржынскага называлася Хадкевічоўскай. Прыкладна адсюль, дзе стаяла пякарня, пачыналася яшчэ адна вузкая вулачка мястэчка, якая цягнулася па дыяганалі да вуліцы Эймінаўскай (цяпер частка Чырвонаармейскай) і заселена была таксама яўрэямі. На першым паверсе вялікага дома, размяшчаліся вытворчыя памяшканні, а на другім жыла сям’я ўладальніка пякарні. У Арчыка працаваў яшчэ работнік польскай нацыянальнасці па прозвішчу Пелеш.
Жыхары Бераставіцы сталага ўзросту, успамінаючы перадваенныя гады, гавораць, што бацькі, выпраўляючы ў тыя часы дзяцей па хлеб, накіроўвалі іх часцей за ўсё ў пякарню да Арчыка, бо там была найлепшая выпечка ў мястэчку. Якасць прадукцыі і яе асартымент у тагачасных яўрэйскіх пякарнях таксама ўражвалі. Свежы хлеб прадаваўся не толькі ў спажывецкіх прыватных крамах. Літаральна гарачыя боханы, што называецца “з печы”, можна было набыць непасрэдна ў самой пякарні і яшчэ ў дадатак па ніжэйшых коштах. Толькі купляй. Увечары цана на нераспраданую выпечку зніжалася амаль удвая. На яўрэйскую Пасху (Песах) выпякалася таксама маца – прэсны кашэрны хлеб (без закваскі) у выглядзе праснакоў. Бераставіцкія старажылы ўзгадваюць, што яўрэі рэгулярна на Песах частавалі гэтым святочным хлебам хрысціян і ў першую чаргу мясцовых бацюшку і ксяндза.
Праўда, аб якасці вырабаў і гігіене пякарняў у тыя часы дбалі не толькі самі іх ўладальнікі. За гэтым сачылі таксама адпаведныя дзяржаўныя ўстановы. Перыядычна санітарную рэвізію прыватных бераставіцкіх пякарняў ажыццяўляла камісія, у якую абавязкова ўваходзілі прадстаўнік медперсаналу з павятовага Гродна (часта прыязджаў намеснік павятовага ўрача Юзэф Капаньскі), камендант вялікабераставіцкага пастэрунку паліцыі і двое сведак. Правяралі якасць вады ў студнях, што ўжывалася для выпечкі, умовы захоўвання мукі, чысціню памяшканняў і г.д. Па выніках праверкі складаліся акты, а парушальнікі нормаў падвяргаліся адпаведным штрафам.
Дарэчы, да вайны ў Вялікай Бераставіцы згодна з архівамі існавала не менш як 7-8 прыватных пякарняў і ўсе яны былі яўрэйскімі. У гарадзенскіх архівах узгадваюцца наступныя ўладальнікі бераставіцкіх пякарняў: Онін Арчык, Беразліцкая Злата, Вайнер Брэйна, Шапіра Моўша, Іцковіч Рохля, Шустэр Рохля, Фарберг Хаім, Пятруцэр Гірш.
Усе гэтыя пякарні, у тым ліку і дом Оніна Арчыка, былі знішчаны у часы вайны
Гісторыя другая. Лічу, што па такім невялікім і ўтульным населеным пункце, як Вялікая Бераставіца, трэба па магчымасці больш хадзіць пяшком. Тады прыгажосць пасёлка і яго гісторыя ўспрымаюцца па-іншаму . Амаль на кожнай вуліцы яшчэ захаваліся нейкія старажытныя аб’екты (будынкі), якія, падобна жывым сведкам, дапамагаюць нам рэканструяваць гістарычны вобраз мястэчка тых даўно мінулых часоў.
Пройдземся па зялёнай вуліцы Кастрычніцкай да скрыжавання з Рабочай. За скрыжаваннем вуліца паварочвае ўправа і мы ўпіраемся ў жалезную браму, за якой стаіць стары закінуты мураваны будынак. Прыбудовы да яго зрабілі ўжо пазней – ў пасляваенны час. Некалі, у савецкія часы, тут размяшчаўся каўбасны цэх. Потым яго зачынілі, а вытворчасць перанеслі ў іншае месца. З таго часу будынак прыйшоў у запусценне.
А вось пры Польшчы (30-я гг. ХХ ст.) ў згаданым мураваным доме была адзіная ў Бераставіцы лазня. Яна была прыватнай. А валодалі ёю прадстаўнікі мясцовай яўрэйскай абшчыны.
Дазволю тут сабе зрабіць кароткае адступленне ад тэмы. Адзначу, што некалі яўрэйскія лазні былі двух тыпаў. Першы тып – калі лазня належала яўрэям, а карыста-ліся ёю людзі іншага веравызнання (хрысціяне). Другі – калі валодалі ёю яўрэі і карысталіся таксама толькі яўрэі. У яўрэйскім асяроддзі такая лазня называлася “мыква”. Растлумачу, што рэлігія забараняе яўрэям карыстацца той самай лазняй, якой карыстаюцца іншыя народы. Уся справа тут заключаецца ў кашэрнасці (кашруце). Увогуле, сам працэс мыцця для яўрэяў і неяўрэяў мае рознае значэнне. Старая іўдзейская традыцыя вучыць – чыстая (бязгрэшная) душа іўдзея павінна жыць у чыстым целе. Мыццё яўрэя (дакладней купанне) у першую чаргу звязана з рэлігіяй і азначае ачышчэнне з дапамогай вады душы і цела ад усялякіх грахоў. У іўдаізме адсутнічае такая ўласцівая католікам і праваслаўным літургічная працэдура, як споведзь, калі святар за канфесіяналам ці ў нейкім іншым месцы адпускае грахі верніку. Цікава, што для купання, згодна з гэтай іўдзейскай традыцыяй, выкарыстоўвалася толькі так званая “прыродная вада” – рэчка, возера альбо сажалка. Таму “мыкву” стараліся будаваць бліжэй да вадаёма ці рэчкі. Зрэдку для “ачышчэння ад грахоў” мог выкарыстоўвацца нейкі іншы выкапаны рэзервуар ці адкрыты басейн, які запаўняўся “прыроднай вадой”. А купаліся яўрэі часцей за ўсё па пятніцах перад надыходам суботняга свята Шабас.
Што датычыцца бераставіцкай лазні, то яна адносілася да першага тыпу. Таму мясцовыя яўрэі дзеля ачышчэння ад грахоў гуртам хадзілі па пятніцах на рэчку Бераставічанку, вада у якой некалі была даволі чыстай. Падчас воднай працэдуры спецыяльнае вымаўленне малітвы было неабавязковым.
У местачковай лазні ў той час было некалькі памяшканняў, у якіх размяшчаліся чыгунная ванна і невялікі басейн, выкладзены кафлянай пліткай, куды можна было спусціцца па ступеньках. Вада ў лазню адкачвалася з Бераставічанкі ручной помпай і награвалася ў спецыяльных катлах.
Аднак не ўсе жыхары мястэчка карысталіся паслугамі лазні, паколькі многім гэта было не па кішэні. Праўда, перад святамі колькасць наведвальнікаў там некалькі ўзрастала.
У верасні 1939 г., калі ў Вялікую Бераставіцу ўвайшла Чырвоная Армія, байцы наведвалі лазню цэлымі падраздзяленнямі. Кавалерысты прывязвалі коней да плоту на вуліцы Дольнай (Кастрычніцкай) і строем ішлі ў лазню.

На гэтым здымку, зробленым у першыя пасляваенныя гады, (фота з сямейнага альбома Мар’яна Баера) відаць частка бераставіцкай мураванай сінагогі, якая знаходзілася на цяперашняй вуліцы Савецкай, побач з пяціпавярховым жылым домам з магазінам “Уют” на першым паверсе.

Выказваю падзяку за дапамогу у падрыхтоўцы матэрыялу жыхару Бераставіцы Мар’яну Баеру і публіцысту з Беластока Антонію Рэмешу.
Сяргей ЛУШЧЫК, г.Гродна
Працяг будзе.



10 комментариев по теме “Даваенны «штэтл», або Некалькі гісторый з жыцця бераставіцкіх яўрэяў

  1. Дзякую, Марыя, за каментар да майго артыкула. Сачыце за матэрыяламі «Бераставіцкай газеты». Хутка будзе апублікаваны працяг артыкула.

  2. Дзякуй, спадар Сяргей, за цікавы артыкул. Сваімі матэрыяламі Вы прыадкрываеце шмат якія невядомыя старонкі нашай бераставіцкай гісторыі, гэта вельмі важная і патрэбная справа. Заўсёды з нецярпеннем чакаю Вашых артыкулаў.

  3. Спадар Мікалай,у мяне ёсць матэрыялы адносна нашага местачковага пастарунку дзяржаўнай паліцыі пры Польшчы. Там ёсць прозвішчы ўсіх функцыянераў, якія праходзілі тут службу. У дакументах значыцца іх узрост,месца нараджэння, хто па адукацыі, марка і калібр зброі і г.д. Пеправажная большасць з паліцэйскіх — прыезджыя з польскай глыбінкі. Склад іх пастаянна мяняўся.З розных крыніц вядома, што у адміністрацыі, да якой адносілась і паліцыя, падазрэнні выклікалі не толькі ўдзельнікі розных беларускіх ці жыдоўскіх згуртаванняў моладзі, якія як лічылась, былі настроены пракамуністычна,але нават і патрыятычных польскіх моладзевых рухаў.Не ўсе,праўда,а толькі некаторыя. Напрыклад вядомага прапольскага патрыятычнага «Саюза стральцоў». Каб у Вялікай Бераставіцы,напрыклад,правесці простае самадзейнае тэтралізаванае прадстаўленне (сцэнку),альбо арганізаваць звычайныя танцы (zabawa taneczna)трэба было браць дазвол у павятовым камісарыяце ў Гродне і ў павятовай стражы пажарнай. Адтуль прыходзілі дэпешы-распараджэнні ў Берастаіцу на імя каменданта пастэрунку і той ужо даваў дазвол. Словам, працэдура была складанай.

  4. Для пионера 60-х годов, что польский что немецкий полицай разницы небыло 🙂
    у моего деда было 8 детей. Дом его на красноармейской улице как раз в развилке дорог на Эйминовцы и Берестовичаны , дом и теперь стоит. Место живое, приходила молодежь, играли в карты и тп.
    Сидорович приехал на велосипеде- раскричался что тут за коммунистическое сборище. Моя тетя Люба ( Станкевич Любовь Онуфриевна) ему сказала- чего ты пришел в чужой двор?
    так он её толкнул так, что она упала а после велосипедным колесом несколько раз ударил лежачую.
    когда это было- за польским часом или при немцах я не знаю.

  5. Мне расказвалі мясцовыя жыхары, што да вайны на адным з патрыятычных мітынгаў, які адбываўся на плошчы перад старым касцёлам, здаецца з нагоды народзінаў альбо імянінаў прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага, нейкі чалавек з Бераставічанаў зазяваўся і забыўся зняць шапку.Да яго імгненна падыйшоў паліцэйскі і ўрэзаў яму ў патыліцу, а пасля забраў у пастарунак для разбіральніцтва. Магчыма гэта і быў той самы Пятро Сідаровіч.
    Што датычыцца Айзіка Мотыля,то я нічога не чуў пра гэту асобу.Не выключана, што ён быў у Бераставіцы.У архівах я працаваў з дакументамі, якія адносяцца да верасня 1939 г. Перыяд»безуладдзя» верасня 1939 г.(калі Чырвоная армія яшчэ не прыйшла, а польскай ўлады ўжо фактычна не было)- гэта асобны перыяд, які трэба яшчэ даследваць.

  6. а фамилия Айзек (Алик) Мотыль- сын еврея торговца из Индуры не встречалась?
    Он очень «прославился» в ДНИ ВОЛИ в 1939г. в Берестовице.А позже никаких следов найти не могу. Видимо немцы его расстреляли.

  7. Банет я думаю это фамилия.
    насколько я знаю , после войны он отсидел в советской тюрьме лет 10 а потом выехал в Польшу.
    Сидорович- чуть что так в морду давал. Рассказывали старики. Возможно и при поляках.

  8. Адносна прозвішча Банет ніякай інфармацыі не маю. Дакладна ведаю, што Сідаровіч (звалі яго, здаецца, Пётр)працаваў паліцэйскім у мясцовым пастэрунку пры паляках.

  9. http://www.youtube.com/watch?v=Q70itmf-BmA
    а тут фото — выселение берестовицких евреев.
    Сзади два полицая с повязками- возможно это Банет и Сидорович — такие фамилии я запомнил от старших.

  10. Летом 1942 года нацисты создали еврейский исправительно-трудовой лагерь возле Берестовицы. Около 150 молодых еврейских мужчин из Лунно и соседних населённых пунктов были высланы в этот лагерь. В ноябре 1942 года все оставшиеся в живых узники были депортированы в Треблинку и убиты[6].
    —————————————
    эту информацию я нашел тут http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%93%D0%B5%D1%82%D1%82%D0%BE_%D0%B2_%D0%9B%D1%83%D0%BD%D0%BD%D0%BE

    однако ничего о таком лагере не слышал.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *