Горка, батут і … лазертаг

Культура Лента новостей

IMG_8466Атракцыёны горку і батут, якія прапануе падчас масавых гулянняў і свят Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, самыя маленькія жыхары раёна ўжо паспелі ацаніць і апрабаваць. Дарэчы, летам гэтыя атракцыёны некалькі разоў вывозілі ў мікрараён шматпавярховай забудовы гарпасёлка па вуліцы Старадварэцкай, ды і да апошняга часу, пакуль дазваляе цёплае надвор’е, паскакаць на батуце і скаціцца з горкі можна каля новага магазіна “Родны кут”.
Сёлета шэраг платных паслуг, якія прапануе Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, папоўніўся яшчэ адной. Закуплена абсталяванне для гульні “лазертаг”. Што гэта такое?
– Сучасныя тэхналогіі дораць нам новыя магчымасці для актыўнага адпачынку і спорту, – расказвае кіраўнік маладзёжнага аматарскага аб’яднання “Геймер” Сяргей Хілюта. – Адным з такіх інавацыйных відаў адпачынку і з’яўляецца лазертаг (ад англ. laser — лазер і tag — метка) – гульня, якую інакш называюць “лазерны пейнтбол”, “лазерны бой”. Аднак у абсталяванні няма лазерных выпраменьвальнікаў. Стральба вядзецца інфрачырвоным праменем, абсалютна бяспечным для чалавека. Аналагічныя прынцыпы інфрачырвонага выпраменьвання выкарыстоўваюцца ў пульце дыстанцыйнага кіравання тэлевізара. Сутнасць гульні – “параніць” ігракоў-праціўнікаў з “лазернай зброі”. “Паражэнне” іграка адбываецца шляхам рэгістрацыі праменя “лазернага” аўтамата апанента спецыяльнымі датчыкамі-сэнсарамі, замацаванымі на галаўной павязцы іграка. Пры пападанні адбываецца гукавое і светлавое апавяшчэнне.
Колькасць ігракоў у лазертазе можа быць ад 4-х да 10-ці, паколькі закуплена 10 адзінак “лазернай зброі”. Гульні пад кіраўніцтвам інструктара праводзяцца ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бераставіцкі”, аднак па жаданні заказчыкаў можа ажыццяўляцца выезд у іншыя месцы.
Як адзначаюць у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, гэтая паслуга запатрабавана не толькі жыхарамі гарпасёлка, але і іншых населеных пунктаў. Прычым, не толькі дзецьмі, але і дарослымі. Напрыклад, нядаўна дзве калектыўныя гульні ў лазертаг былі праведзены ў аграгарадку Макараўцы.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *