Галоўны ветурач СВК “Цецяроўка” Дзмітрый Куляшоў прафесію выбраў па прызванні

Лента новостей

veterinaerДзяржава шмат робіць для развіцця аграрнага сектару. Асаблівая ўвага надаецца жывёлагадоўлі. У рэспубліцы робіцца стаўка на інтэнсіўную вытворчасць, будаўніцтва новых сучасных малочнатаварных комплексаў. Не абыходзіцца пры гэтым і без праблем, у многіх месцах не давялося пакуль што дабіцца добрай аддачы ад укладвання вялікіх сродкаў. І хаця ранейшыя дробныя фермы ў 21 стагоддзі ўжо “зжылі сябе”, некаторыя важкія перавагі там былі. Напрыклад, жывёла пасвілася на вольным паветры пад сонцам, карысталася актыўным мацыёнам, што вельмі карысна для здароўя. Таму ў сучасных умовах, калі дойны статак знаходзіцца на круглагадовым стойлавым утрыманні, значна менш рухаецца, узрастае роля ветэрынарыі.
Каб працаваць у сельгас­кааператыве, трэба мець асаблівую адказнасць, не баяцца руплівай паўсядзённай працы, а прафесію неабходна выбіраць па прызванні. Не можа быць добрага ветурача без спагадлівасці да жывёлы, імкнення дапамагчы жывой істоце. Таму прыемна пагутарыць з маладым чалавекам, крэда якога — любіць жывёлу. У нашым раёне моцная ветэрынарная служба, і выдатна, што яна ўмацоўваецца маладымі кадрамі.
Галоўны ветурач СВК “Цецяроўка” Дзмітрый Куляшоў (на здымку) закончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу, Ваўкавыскі аграрны каледж, а зараз атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім аграрным універсітэце. У хлопца спагадлівы характар, і зараз у яго дома жывуць сабака, хамякі і … нават заяц, якога ледзь жывога дасталі з-пад касілкі. Ён паспяхова яго падлечыў, і зайчык есць моркву, капусту, траву і падыходзіць да рук, разумее чалавечы клопат і ласку. Вельмі добры хлопец і ў сям’і – з малых гадоў дапамагаў маме, клапатліва даглядаў малых сястрычак, з такім пазітыўным вопытам будзе ён і для будучай жонкі надзейнай апорай.
Вучыцца ў аграрным універсітэце цікава. Дзмітрый стараецца прымнажаць веды, якія так неабходны пры лячэнні жывёлы ў гаспадарцы. Як і ўсюды, ёсць у СВК “Цецяроўка” цяжкасці, але галоўнае – крок за крокам іх пераадольваць.
— Хлопец самастойны і старанны, — гаворыць пра Дзмітрыя Куляшова галоўны ветурач раёна Аляксандр Баброў.
Такая хаця і лаканічная, але ёмістая характарыстыка, дае повад сцвярджаць, што з маладога ветурача будзе толк.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *