Вялікдзень — з малітвай і мерамі бяспекі. Дэкан Бераставіцкага дэканата а. Вальдэмар Слота аб святкаванні Уваскрасення Хрыстова

Лента новостей Общество СТОП COVID

Сёлетні Вялікдзень мы будзем святкаваць у трывожны час сусветнай пандэміі каронавіруса, якая вымушае і нас змяніць прывычны ўклад свайго жыцця. У многіх краінах Еўропы храмы або наогул зачынены, або ўведзены жорсткія патрабаванні аб абмежаванні ў іх колькасці вернікаў. У Беларусі пакуль што няма забароны на наведванне святыняў, але пэўныя прафілактычныя санітарныя захады ўсё ж робяцца. Мы пацікавіліся ў пробашча касцёла Перамянення  Пана ў Вялікай Бераставіцы, дэкана Бераставіцкага дэканата а. Вальдэмара Слота аб тым, якія меры прымаюцца ў нашым касцёле для таго, каб забяспечыць бяспеку знаходжання ў ім вернікаў.

— Дбаючы пра духоўнае і фізічнае здароўе вернікаў, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выдаў спецыяльнае распараджэнне аб тым, якіх норм і правіл павінны прытрымлівацца духоўныя і свецкія асобы ў каталіцкіх храмах Беларусі, — расказаў айцец Вальдэмар. — У прыватнасці, ушанаванне святога Крыжа, абразоў і рэліквій адбываецца без дотыку і цалавання, а  праз кленчанне ці глыбокі паклон. Крапільніцы ў касцёлах не напаўняюцца асвячонай вадой і вернікаў мы просім устрымацца ад іх выкарыстання. Знак супакою цяпер перадаецца схіленнем галавы, а не праз поціск рук. Перад святой Імшой духоўныя асобы і міністранты павінны старанна вымыць рукі і падчас яе няўхільна захоўваць нормы гігіены.

Мы просім вернікаў у храме вытрымліваць неабходную сацыяльную дыстанцыю   і выкарыстоўваць маскі. Ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы вызвалены вернікі старэйшага ўзросту, асобы з сімптомамі хваробы, дзеці і школьная моладзь, а таксама асобы, якія імі апякуюцца, і ўсе, хто адчувае страх заражэння. Каб зменшыць наплыў  колькасці вернікаў у  храм у  нядзелю, уведзены дзве дадатковыя Імшы, цяпер нядзельная Літургія ў Вялікай Бераставіцы служыцца 5 разоў: у 8.00. 9.00, 11.30. 17.00 і 18.30.

Пасхальная служба таксама будзе скарочана да мінімуму, пройдзе без Эўхарыстычнай працэсіі. Асвячэнне ежы ў Вялікую суботу, калі дазволіць надвор’е,  будзем праводзіць на вуліцы, на працягу ўсяго дня.

Усе распараджэнні касцельных улад даведзены да вернікаў, і я рады, што людзі  ў  парафіі прыслухаліся да  іх,  цяпер  намнога менш вернікаў наведваюць храм.

У той жа час усё робіцца для таго, каб людзі не заставаліся адлучаныя ад супольнасці Касцёла, арганізаваны рэгулярныя відэатрансляцыі набажэнстваў на партале Catholic.by, радыётрансляцыі на «Радыё Марыя», сродкі масавай інфармацыі цяпер таксама шырока трансліруюць святочныя службы. Кожны жадаючы можа    далучыцца анлайн да ўдзелу ў святой Імшы, мы заахвочваем таксама да прыняцця духоўнай Камуніі і малітвы ва ўлонні сям’і. Цяпер кожная каталіцкая сям’я павінна стаць хатнім касцёлам і трываць у малітве. Горача заахвочваю ўсіх вернікаў штодзённа маліцца, у сем’ях або індывідуальна, прасіць Бога аб вызваленні свету ад пандэміі каронавіруса. У гэты складаны час нам не трэба паддавацца паніцы, а навучыцца давяраць Богу і памятаць, што мы адказныя за сваё жыццё і жыццё другіх людзей.  Бог не патрабуе нашай ахвяры, бо Хрыстос ужо  склаў дасканалую ахвяру за ўсіх нас.

У разумнага чалавека павінен быць розум, і трэба разумець небяспеку гэтай хваробы, якая захапіла ўвесь свет, і сваю адказнасць.  Хрысціяне заўсёды павінны дзейнічаць з пазіцыі любові да бліжняга. І ў гэты неспакойны час наша адсутнасць можа быць большым праяўленнем любові, чым прысутнасць. Гэта датычыцца не толькі наведвання храмаў, але і іншых месцаў, дзе можа знаходзіцца шмат людзей, нашых кантактаў з роднымі і блізкімі, асабліва старэйшымі людзьмі. Неабходна таксама ўстрымацца ад ужывання алкаголю, бо ён аслабляе імунітэт, не дазваляць дзецям групамі гуляць на вуліцы.

Я прызываю ўсіх быць асцярожнымі, захоўваць  неабходныя меры бяспекі, выконваць усе  распараджэнні кампетэнтных органаў свецкай улады,  парады   службы аховы здароўя, бо  спецыялістамі з’яўляюцца медыкі, а не святары.

Гэты Вялікдзень пройдзе не так, як звычайна, не так, як мы прывыклі. Многія не змогуць быць у храме, не прыступяць да сакрамэнтаў. Я прашу вас прыняць гэта з пакорай. Памятайце, што не вада асвячае стравы, а малітва. Велікодныя стравы можна благаславіць і дома, гэта можа зрабіць бацька ці маці. Маліцеся ўсе разам і прасіце Бога аб дараванні грахоў свету і вызваленні ад пандэміі каронавіруса. І як мы з надзеяй чакаем Велікоднай раніцы, так  будзем спадзявацца на Божую міласэрнасць, і на тое, што на свет зноў вернецца спакой і бяспека.

Ірына МІКЛАШ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *