Вуліца Перэца. Ці была яна ў Бераставіцы?

Из истории земли Берестовицкой Культура

Калі звярнуць у Бераставіцы з вуліцы Леніна на Кастрычніцкую (да вайны Дольную), і прайсці яшчэ метраў 40, то злева за “ветэранскім” магазінам трапляеш на невялікі тупіковы завулак. На ім сёння cтаяць усяго чатыры дамы. Далей дарога ўпіраецца ў плот, за якім знаходзіцца тэрыторыя гаражоў райвыканкама. Некалі пры Польшчы гэта быў не проста завулак. Тут пачыналася доўгая, шчыльна заселеная вуліца. Пачатак свой яна брала ад Дольнай і ішла паралельна цяперашняй вуліцы Леніна. А там, дзе стаяць сёння гаражы райвыканкама, і далей, не даходзячы да будынка сучаснага банка, вуліца рабіла круты паварот управа і цягнулася далей паралельна Беластоцкай (сёння Савецкай). Вуліца была цалкам забудавана драўлянымі дамамі і заселена пераважна яўрэйскім насельніцтвам – рамеснікамі і гандлярамі.

Напачатку вуліцы Кастрычніцкай, дзе сёння стаіць дом № 5, жыў яўрэйскі сталяр. На жаль, імя і прозвішча яго ўстанавіць не ўдалося. А побач з ім (Кастрыч-ніцкая, 7) быў дом таленавітага майстра па вырабу скуранога абутку Элі Аўсеевіча. Перад самай вайной з ім адбыўся кур’ёзны выпадак. Парадаксальна, але гэты выпадак якраз і ўратаваў яму жыццё падчас халакосту. Нагадаю, што ў верасні 1939 года на землях былой Польшчы была ўсталявана савецкая ўлада. Рамеснік насуперак новым парадкам патаемна зарэзаў каня і здзёр з яго скуру. Даведаўшыся аб гэтым, улады асудзілі яго на некалькі гадоў пазбаўлення волі і выслалі для адбывання пакарання недзе ў далёкую расійскую глыбінку. Як бы там ні было, але пасля вызвалення тэрыторыі ад немцаў былы рамеснік вярнуўся ў родныя мясціны жывы і здаровы. Праўда, далейшы яго лёс невядомы.
Прыкладна там, дзе ў нашы дні размяшчаецца тыльная частка бераставіцкага кінатэатра, некалі стаяў невялікі драўляны “шцібл” – яўрэйскі малітоўны дом. Гэта была адна з трох сінагог мястэчка. Жыхары старэйшага ўзросту казалі, што побач з ёю, на самым павароце вуліцы, толькі з унутранага боку, знаходзіўся дом рабіна гэтай самай сінагогі, а недалёка ад яго праз дарогу, бліжэй сённяшняга дому №6 па вуліцы Савецкай пражываў яшчэ адзін добра вядомы нават ў ваколіцах мястэчка яўрэйскі шавец ботаў, які часта, за вызначаную плату, набіраў сабе ў вучні юнакоў. Заканчвалася вуліца недзе побач з каменнай галоўнай сінагогай (сёння на гэтым месцы стаіць пяціпавярховы дом). На месцы сучаснай кацельнай за РДК у той час знаходзіліся старыя яўрэйскія могілкі (нагадаю, што ў Бераставіцы былі яшчэ і новыя). Старыя могілкі ўжо ў даваенны час былі закрытымі і памерлых іўдзеяў хавалі на новых, якія знаходзіліся на ўзгорку, праз дарогу насупраць былой старой школы. Пры ўваходзе ж на старыя могілкі стаяў аднапавярховы драўляны дом, дзе жыў галоўны рабін Бераставіцы.
У часы акупацыі ўсім жыхарам Бераставіцы яўрэйскага паходжання нямецкія ўлады загадалі насіць для распазнавання на верхняй вопратцы прышытую жоўтую зорку Давіда. А ў 1942 годзе ўсіх местачковых яўрэяў разам з хатнім маёнткам прымусова выселілі са сваіх дамоў у гета, якое загадзя падрыхтавалі дзесьці ў раёне сучаснага кінатэатра і гаражоў. Мужчыны і жанчыны ўтрымліваліся у розных будынках. Адсюль іх выводзілі калонай на разнастайныя работы: брукаваць вуліцы, капаць траншэі, падмятаць вуліцы, чысціць снег і г.д.
Вельмі верагодна, што згаданая вышэй вуліца да вайны насіла назву імя Перэца (хаця поўнай упэўненасці ў гэтым няма). У сувязі з гэтым хацелася б адзначыць, што не так даўно, гартаючы падшыўку мінулагодніх нумароў “Бераставіцкай газеты”, прачытаў адзін змястоўны гістарычны артыкул, які даў шмат цікавай для роздуму інфармацыі. Цяпер не прыгадаю а ні нумара гэтай газеты, а ні назвы самога артыкула. Найбольш верагодна, што ён быў прысвечаны 500-гадоваму юбілею нашага мястэчка. Аўтар артыкула (жыхарка пасёлка сталага ўзросту), узгадваючы Бераставіцу 50-х гадоў мінулага стагоддзя, адзначала, што ў першыя пасляваенныя гады тут нейкі час усё яшчэ існавала вуліца Пярэцкага, а потым яна была неўзабаве перайменавана. Праўда, не называлася, дзе канкрэтна ў пасёлку знаходзілася гэтая вуліца. Тая інфармацыя прывяла мяне да высновы, што ў нашым мястэчку ўсё ж была вуліца Перэца. У пасляваенны час яна спачатку сапраўды была перайменавана, а потым, у сувязі з новай забудовай, яна ўвогуле знікла. Нагадаю, што вуліцы, якія насілі імя Перэца, існавалі да вайны ў пераважнай большасці польскіх гарадоў і мястэчак. Упэўнены, што назва “вуліца Пярэцкага” у нашым выпадку – гэта толькі інтэрпрэтацыя мясцовых жыхароў.
Іцхак Лейбуш Перэц (1851-1915) – вядомы яўрэйскі і польскі пісьменнік, класік яўрэйскай літаратуры, буйны грамадскі дзеяч свайго часу. Пражываў у Варшаве. Вуліцы, насіўшыя яго імя, размяшчаліся менавіта ў тых кварталах даваенных гарадоў, дзе шчыльна пражывала яўрэйскае насельніцтва. У Гродне, напрыклад, імя Перэца насіла назву сённяшняя вуліца Вялікая Траецкая (Алега Кашавога). Гэты раён некалі амаль поўнасцю засялялі яўрэі. Тут былі Вялікая і Малая Сінагогі. А на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца аўтастаянка, у свой час штодня дзейнічаў вялікі яўрэйскі рыбны кірмаш.
Паміж дамамі №13 (кнігарня) і №11 па вуліцы Леніна у Вялікай Бераставіцы да вайны існаваў яшчэ кароткі і вузкі пешаходны завулак, які злучаўся з вышэйзгаданай вуліцай Перэца. Завулак знаходзіўся пад ухілам і, як казалі бераставіцкія старажылы, узімку мясцовая дзетвара з задавальненнем каталася з яго на санках.
І яшчэ адно. “За польскім часам” у нашым мястэчку, акрамя вуліцы імя Перэца, было яшчэ і яўрэйскае моладзевае культурна-асветніцкае таварыства “Biblioteka rzydowska im. Pereca w Brzostowicy Wielkiej”. Згуртаванне дзейнічала легальна, мела сваё памяшканне і карысталася сваёй круглай пячаткай. Адбітак гэтай пячаткі ёсць у матэрыялах аднаго з архіваў Гродна. Выглядаў адбітак наступным чынам : па краях – былі надпісы па польскай мове і на іўрыце, а ў цэнтры змяшчалася шасціканечная іўдзейская Зорка Давіда. Згодна з архіўнымі дадзенымі за 1926 год у склад згуртавання бібліятэкі Перэца ў Бераставіцы ўваходзілі 13 чалавек :
Гец Файвель (узрост 33 гады), скарбнік арганізацыі (казначэй), працаваў мясцовым цырульнікам, пражываў па вул. Прабашчоўскай (Чкалава) №1;
Урублеўскі Фішэль (24 гады), прэзэс (старшыня) бібліятэкі, уладальнік крамы, вул. Свентаяньская (Святога Яна, цяпер Чырвонаармейская);
Левін Копель (24 гады), сакратар, працаваў фарбоўшчыкам палатна і іншых матэрыялаў, вул. Хадкевічоўская (Дзяржынскага) 23;
Элановіч Барух (31 год), намеснік прэзэса, майстар па вырабу капелюшоў і шапак, вул. Дольная (Кастрычніцкая);
Элановіч Хана (21 год), рэвізійная камісія таварыства, краўчыха, вул.Дольная;
Хацкел Янкель (34 гады), член таварыства, пераплётчык кніжак і іншай папяровай прадукцыі, вул.Беластоцкая (Савецкая);
Фековіч Лейба (22 гады), член таварыства, пекар, вул.Беластоцкая;
Ёселевіч Рахель (20 гадоў), член кіраўніцтва бібліятэкі, краўчыха, вул.Касцёльная;
Галант Ёсель (29 гадоў), член кіраўніцтва, токар, вул.Хадкевічоўская;
Карабельнік Сара (19 гадоў), член кіраўніцтва, беспрацоўная, вул.Дольная;
Жак Хаім (30 гадоў), член кіраўніцтва, вул.Беластоцкая;
Смальніцкі Ізраэль (34 гады), рэвізійная камісія, настаўнік, вул.Беластоцкая;
Шапіра Ёсель (29 гадоў), рэвізійная камісія, пекар, вул.Рынкавая
Сяргей ЛУШЧЫК, г. Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *