Весела і з карысцю праводзяць лета ў Старадварэцкім яслях-садзе-базавай школе

Здравоохранение Образование

23Лета – гэта не толькі канікулы, але і пара актыўнага адпачынку і забаў, час вялікіх магчымасцей для атрымання пазітыўных эмоцый, спасціжэння навакольнага свету.
Адной з форм арганізацыі летняга адпачынку з’яўляецца прышкольны аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей. Лагер пад назвай “Планета вясёлых канікул” пачаў работу на базе Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы з першага дня канікул.
Жыхары “Планеты вясёлых канікул” кожны дзень здзяйсняюць падарожжа на розныя планеты Сусвету. Усе мерапрыемствы і калектыўныя творчыя справы прысвечаны пэўнай тэматыцы. За першы тыдзень нашы даследчыкі пабывалі на планеце “Стары Дворац”, дзе пазнаеміліся з гісторыяй сваёй малой радзімы, наведалі машынны двор аграфірмы “Стары Дворац”. Пасля падарожжа на планету “Здароўя”, яны зразумелі важнасць вядзення здаровага ладу жыцця. Планета “Творчасці” падарыла дзецям знаёмства з выдатнымі творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Супрацоўнікі аддзела Тамара Касьян, Наталля Галавач, Вольга Антоненка расказалі і паказалі вучням, як з простай саломкі або гліны можна стварыць сапраўдныя творы мастацтва.
З маркамі і паштоўкамі, як творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выхаванцы лагера пазнаёміліся на Бераставіцкім участку паштовай сувязі. Кіраўнік арганізацыі Леанід Лемантовіч і інжынер Мікалай Бародзіч пазнаёмілі нашых выхаванцаў з працэсам апрацоўкі і адпраўкі паштовых адпраўленняў, дзеці даведаліся, што такое экспрэс-пошта і посткросінг. Пераможцы віктарыны, прысвечанай паштовай сувязі, маркам і паштоўкам, атрымалі ў падарунак наборы паштовак для посткросінгу, а гэта значыць — магчымасць пашырыць свае ўяўленні аб іншых краінах свету праз паштоўкі. У час падарожжа па планеце “Кніг” выхаванцы завіталі ў школьную бібліятэку, дзе пазнаёміліся з кнігамі-юбілярамі, прынялі ўдзел у акцыі “Чытаем разам байкі Кандрата Крапівы”, наведалі чытальную залу пад адкрытым небам, арганізаваную раённай бібліятэкай ў г.п. Вялікая Бераставіца. На планеце “Кветак” вучні навучыліся заўважаць прыгажосць вакол сябе. Наведаўшы найбольш прыгожыя палісаднікі сваіх аднавяскоўцаў, яны зразумелі, што фантазія і пачуццё прыгажосці могуць напоў­ніць наша жыцце яркімі фарбамі.
Вельмі прыемна, што ў арга­нізацыі адпачынку вучняў педагогі адчуваюць падтрымку базавай гаспадаркі – аграфірмы ”Стары Дворац”, кіраўнікоў устаноў і арганізацый нашага раёна, мясцовых жыхароў.
Выхаванцы аздараўленчага ла­­гера з задавальненнем удзель­нічаюць у экскурсіях, фотаэкспедыцыях, пешых паходах, спартыўных мерапрыемствах, гульнях на свежым паветры, працоўных акцыях, творчых конкурсах. А гэта значыць, што на “Планеце вясёлых канікул” дзеці праводзяць час весела і з карысцю, а бацькі ўпэўнены, што іх дзеці аздараўліваюцца і адпачываюць цікава.
Алена Фрыдэль, дырэктар аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *