Веды і талент – дзецям!

Лента новостей

25 жніўня настаўнікі раёна сабраліся на традыцыйную жнівеньскую педагагічную нараду. Як і летась, месцам правядзення мерапрыемства была выбрана Малабераставіцкая школа.

Побач з вопытнымі і сталымі педагогамі тут былі і тыя, для каго гэта нарада праходзіла першы раз у жыцці, а менавіта — маладыя спецыялісты. Сёлета па размеркаванні пасля навучання ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у наш раён прыбылі 23 настаўнікі. Начальнік аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама Т.М.Аксаміт прадставіла маладых педагогаў, а ў якасці памятнага падарунка яны атрымалі каляровыя фотаальбомы “Бераставіца і яе ваколіцы” і, канешне ж, букеты кветак. Са словамі прывітання да іх звярнулася дырэктар Кватарскага дзіцячага сада-базавай школы І.І.Кішкель:
— Я жадаю, каб ваш шлях быў поўны аптымізму, поўны радасці, каб не толькі першы ўрок, але і ўсе наступныя былі для вас крыніцай натхнення і вечнага пазнання.
Ад імя маладых настаўнікаў выступіла Крысціна Цыбуль, у мінулым выпускніца Вялікабераставіцкай школы, а зараз — настаўнік-дэфектолаг Пархімаўскай базавай школы. Яна выказала шчырыя словы падзякі тым настаўнікам, што выхоўвалі яе падчас навучання ў школе, і павіншавала сваіх цяперашніх калег.
Аб развіцці рэгіянальнай сістэмы адукацыі, аб укараненні інавацый, прыцягненні інвестыцый і падтрымцы творчых ініцыятыў гаварыла ў сваім выступленні Т.М.Аксаміт. Яна засяродзіла ўвагу на выніках адукацыйнай і выхаваўчай дзейнасці ў раёне у рамках рэалізацыі дзяржаўных праграм у галіне адукацыі.
У працяг нарады дырэктар Гродзенскага абласнога рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і кантролю ведаў Л.М.Баброўнік уручыла Падзячныя лісты Т.М.Аксаміт, а таксама дырэктару Макараўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы П.М.Панкевічу і дырэктару гімназіі пасёлка Пагранічны І.Л.Кергет. Прыемным дадаткам да лістоў сталі гадзіннікі ў падарунак. У сваім віншавальных словах Л.М.Баброўнік асабліва адзначыла, што па выніках сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання і ўступнай кампаніі Гродзенская вобласць трымаецца ў лідарах ужо 5-ы год запар і 2-і год запар займае першае месца сярод абласцей краіны. У гэтым, падкрэсліла яна, немалая заслуга і педагогаў Бераставіцкага раёна.
З прэзентацыямі напрацаванага вопыту работы выступілі прадстаўнікі розных навучальных устаноў раёна. Так, загадчыца Вялікабераставіцкага ясляў-сада А.І.Парманчук расказала аб сучасным падыходзе да стварэння належных ўмоў па захаванні здароўя выхаванцаў дашкольных устаноў адукацыі, а дырэктар Масалянскага дзіцячага сада-сярэдней школы Г.М.Козел — аб фарміраванні творчай асобы вучняў у выхаваўчай сістэме школы. Настаўніца Вялікабераставіцкай школы Т.І.Кавальчук паведаміла, як у сёлетнія канікулы ажыццяўляўся праект аздараўленчага адпачынку “Здаровае лета-2011”.
Прадстаўнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А.А.Федарэнка ўручыла настаўніку працоўнага навучання Алекшыцкай сярэдняй школы А.А.Камяку пасведчанне спецыяльнага фонду за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў, а таксама Дыплом Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта — за высокія дасягненні ў развіцці інтэлектуальных і творчых схільнасцей навучэнцаў. Дарэчы, прыемным сюрпрызам для настаўнікаў Алекшыцкай школы стаў падарунак ад упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама — ні многа ні мала — камп’ютарны клас!
Граматамі ўпраўлення былі таксама ўзнагароджаны педагог-арганізатар Вялікабераставіцкай школы С.В.Маркевіч, настаўнік фізічнай культуры Малабераставіцкай СШ В.Б.Гладкі, кіраўнік гуртка Бераставіцкага дома дзіцячай творчасці А.А. Дручыніна.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей нарады, намеснік старшыні райвыканкама С.Я.Чыкун павін-шаваў з новым навучальным годам і пажадаў усім добрага настрою:
— Я ўпэўнены: ад добрага настрою залежыць здароўе чалавека, залежыць поспех у працы і, наогул, якасць жыцця. І ў сённяшні няпросты для нашай краіны час я заклі-каю вас у гэтым навучальным годзе ўвесь ваш педагічны такт, талент і ўменне накіраваць якраз на тое, каб дзеці — наша будучыня — добра вучыліся, атрымлівалі якасную падрыхтоўку і ўзор выхавання.
Ганаровымі граматамі Бераставіцкага райвыканкама і Савета дэпутатаў у гэты дзень былі ўзнагароджаны А.А.Казлова, Л.А.Турок, Т.М.Марчык, С.М.Васіленка, М.К.Пясецкая, А.В. Лявусік, З.М.Эйсмант, С.І.Галавач; падзячным лістом —А.У.Філон, А.А. Васько, Л.А.Хахлова. Падзячнае пісьмо старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў атрымала дырэктар Кватарскага дзіцячага сада- базавай школы І.І.Кішкель.
Своеасаблівым ноу-хау нарады стаў паказ школьнага адзення дзелавога стылю для вучняў малодшых і старэйшых класаў, які, нібыта сапраўдныя майстры дэфіле, дэманстравалі вучні Малабераставіцкай школы.
Завяршылася ж мерапрыемства па традыцыі канцэртам. Святочную праграму для ўдзельнікаў і гасцей нарады падрыхтавалі кіраўнік духавога аркестра «TUTTI» Бераставіцкай школы мастацтваў В.Б.Антоненка і яго выхаванцы, настаўніца гэтай жа самай школы Т.Р. Алексяюк, удзельніцы вакальнага гуртка Вялікабераставіцкай школы Анастасія Дубіцкая, Ангеліна Раманчук, Анастасія Марэцкая і іх кіраўнік С.В.Маркевіч, метадыст РМЦНТ Андрэй Аруткін, настаўніца Масалянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Г.І.Румак, а таксама аркестр Пагранічнай школы мастацтваў.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *