Буккросінг: далучымся да сусветнай акцыі!

Лента новостей

У цэнтральнай раённай бібліятэцы створана так званая “свабодная паліца”. Гэта калі чытач можа ўзяць кнігу, якая прыйшлася яму па душы, але ўзамен павінен паставіць на паліцу якую-небудзь сваю. Такі абмен кнігамі называецца буккросінг (ад англ. bookcrossing), і гэта на самай справе вядомы сусветны рух, сэнс якога складаецца ў вольным вандраванні кніг ад аднаго чытача да другога.
Цяпер ужо мільёны кніг падарожнічаюць па свеце. А між тым гісторыя буккросінга зусім невялікая. З’явіўся ён у Амерыцы ў 2001 годзе. Першым буккросерам стаў стваральнік першага сайта па кніжных вандраваннях Рон Хорнбэкер. Наўмысна пакінуўшы пару кніг у адным з кафэ, ён на закладках напісаў адрас створанага сайта і папрасіў людзей, якія знойдуць кніжкі, адзначыцца там. Так ідэя ўбачыла свет і ў далейшым была падтрымана многімі. Сёння гэта кніжны клуб, які сцірае межы прасторы і часу. Гэта аб’яднанне людзей, якія мяняюць стэрэатыпы. Бо ніколі ў гісторыі так не абыходзіліся з кнігамі.
— Буккросінг– гэта дзеянне, заснаванае на прынцыпе “прачытаў—аддай другому”, – расказвае намеснік дырэктара Бераставіцкай РЦБС Святлана Станкевіч.—Аднак, як многія ўжо заўважылі, буккросінг змяняе стаўленне людзей да чытання і кніг. Ці адчувалі вы калі-небудзь, што прачытаная кніга вам нешта падказала, закранула душу, змяніла ваш погляд на жыццё? Што вы жадалі ў той момант, калі закрылі апошнюю старонку такой кнігі? Падзяліцца ёй з блізкімі. Падзяліцца ёй нават з усім чалавецтвам, абвясціць усім аб “сваім” адкрыцці. Але не заўсёды гэта атрымліваецца, не кожны раз побач ёсць той самы чалавек. Тады можна паспрабаваць іншы спосаб данесці сваю думку да іншых. І буккросеры адпраўляюць кнігу ў вандраванне. Яны ідуць на свайго роду авантуру, верачы ў тое, што кніга дойдзе да патрэбнага чытача. Да чалавека, які зразумее іх думкі.
У Год кнігі раённая цэнтральная бібліятэка вырашыла далучыцца да сусветнай акцыі і запрашае ўсіх жадаючых таксама прыняць удзел у такім цікавым і карысным кніжным руху. Галоўнае—гэта шчырае жаданне падарыць кнігу людзям, а кнізе—сапраўднае жыццё.
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *