“Бераставіцкія музыкі”: Слупск-Гданьск-Шымбарк

Лента новостей

Народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” раённага Дома культуры прыняў удзел у культурнай частцы буйнога рэгіянальнага эканамічнага мерапрыемства “Майская сустрэча прадпрымальнікаў”, якое праходзіла з 12 па 15 мая ў польскіх гарадах Слупск (горад-партнёр Гродна), Гданьск, Шымбарк. Арганізатары гэтай сустрэчы — маршалкоўскае ўпраўленне Паморскага ваяводства, Касцяжынскі павет і асацыяцыя дзелавога супрацоўніцтва “Работадаўцы Памор’я”. А праводзіцца яна штогод па ініцыятыве Генеральнага консульства Беларусі ў Гданьску з мэтай знаёмства Паўночна-Заходняга рэгіёну Польшчы з беларускай прадукцыяй.
Праграма візіту нашага калектыву ў Польшчу была насычанай і вельмі цікавай. У першы дзень ансамбль даў амаль гадзінны канцэрт на сустрэчы-прыёме прадстаўнікоў гарадскога ўпраўлення г.Слупск і беларускай дыяспары ў Слупскім цэнтры культуры. На наступны дзень нашы артысты на чале з кіраўніком дэлегацыі, начальнікам аддзела культуры райвыканкама В.І.Ляховічам пабывалі ў Генеральным Консульстве Рэспублікі Беларусь у Гданьску, дзе таксама адбылася сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. І яшчэ адзін канцэрт, таксама працягласцю адну гадзіну, далі ў Расійскім цэнтры культуры ў Гданьску.
У рамках эканамічнага мерапрыемства была праведзена культурна-інфармацыйная акцыя на Памор’і. На размешчанай у Цэнтры адукацыі і папулярызацыі рэгіёну ў мястэчку Шымбарк “Беларускай хаце на Кашубах” была прадстаўлена фотавыстава БЕЛТА “Нязвыклая Беларусь”. Беларусы прэзентавалі свой турыстычны патэнцыял, адбылася дэгустацыя нацыянальных страў. На экспазіцыі таксама былі прадстаўлены камерцыйныя і інвестыцыйныя прапановы беларускіх прадпрыемстваў. “Бераставіцкія музыкі” тут таксама выступілі і мелі вялікі поспех.
Як адзначаюць нашы артысты, беларуская народная песня вельмі ўразіла ўдзельнікаў сустрэчы на Памор’і. І ад мясцовых жыхароў, і ад арганізатараў мерапрыемства, у прыватнасці ад генконсула ў Гданьску Руслана Есіна, яны пачулі шмат шчырых слоў удзячнасці за яскравае выступленне і прыемныя эмоцыі. А бераставіцкія ўдзельнікі дэлегацыі, у сваю чаргу, удзячны за вельмі гасцінны і цёплы прыём, за камфортныя ўмовы пражывання, за незабыўную і пазнавальную экскурсію па Гданьску, дзе артысты ўсклалі кветкі да памятнага знака ў гонар Янкі Купалы, і за новыя прапановы і пажаданні далейшага культурнага супрацоўніцтва, выказаныя польскім бокам, шэрагам грамадскіх арганізацый і, безумоўна, генконсулам Рэспублікі Беларусь у Гданьску.

Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *