Бераставіцкія бытавікі працуюць дзеля зручнасці насельніцтва

Лента новостей

Пастаянная ўвага ў нашай краіне ўдзяляецца бытавому абслугоўванню насельніцтва, асабліва сельскага. У апошні час, прынамсі, адзначаецца, што яно ў аграгарадках і аддаленых вёсачках павінна быць узнята на больш высокі ўзровень. У нашым раёне сёння працуе 10 комплексна-прыёмных пунктаў, якія аказваюць вяскоўцам два дзясяткі відаў розных паслуг. Акрамя таго, двойчы на тыдзень вядзецца выязное бытавое абслугоўванне.
Як жа папрацавалі бераставіцкія бытавікі ў мінулым годзе? Паслуг імі аказана, у разліку на аднаго вяскоўца, на суму 79701 рубель. Такі прыемны факт: гэты паказчык забяспечыў нашым бытавікам чацвёртае месца ў вобласці.
Адзін з дзясятка КПП, што абслугоўваюць вясковых жыхароў, – Пархімаўскі. Загадчыцай тут працуе Алена Курыла. Яна з тых работніц, пра якіх звычайна кажуць, што чалавек гэты на сваім месцы.
…У гэтым комплексна-прыёмным пункце мне давялося пабываць зусім нядаўна, у мінулую сераду. Якраз у гэты дзень паслугі мясцовым жыхарам аказваў цырульнік Дома быту. Ён прыязджае ў аграгарадок Пархімаўцы двойчы ў месяц – у першую і трэцюю сераду. Набліжаўся канец рабочага дня, і самога майстра я ўжо не застала, а вось некаторыя яго кліенткі з новымі прычоскамі яшчэ былі тут і зазірнулі да загадчыцы пункта Алены Уладзіміраўны: можа, зноў што цікавае прывезлі ёй з Дома быту?
— Вядома, “бытоўка” у аграгарадку патрэбна, — лічаць жанчыны. – Таму, што гэта зручна. Мы вунь падстрыгліся, а не было б такой паслугі, давялося б выкройваць неяк час, ехаць у Бераставіцу. Наша Алена Уладзіміраўна малайчынка: запішашся ў яе да майстра і можаш быць спакойным. Падчас і сам забудзешся, што ўжо назначаная серада прыйшла, а яна абавязкова пазвоніць, папярэдзіць: прыязджае, маўляў, цырульнік.
Што яшчэ цэняць сяльчанкі ў бытавым абслугоўванні? Ды многае. Да прыкладу, пастаянным попытам карыстаюцца паслугі швачкі. Маецца на ўвазе рамонт вопраткі, як дарослай, так і дзіцячай.
— Дзеці ёсць дзеці. Вопратка на іх, асабліва на хлапчуках, “гарыць” хутка, — кажуць жанчыны. — Не паспееш і заўважыць, як ужо кішэнь падраўся або замок “паляцеў. Куды звярнуцца? Вядома, у комплексна-прыёмны пункт. Алена Уладзіміраўна аформіць заказ, а рамонт зробяць вопытныя швачкі ў Доме быту. І зробяць якасна, хутка.
Прыносяць сяльчане ў рамонт і паліто, плашчы, пінжакі, іншую вопратку.
Карыстаецца попытам і такая, да прыкладу, паслуга, як чыстка падушак, якая была наладжана ў Доме быту летась. А таксама — рамонт абутку. Мясцовыя дзіцячы садок і сельгаскааператыў здаюць Алене Уладзіміраўне пасцельную бялізну, якая адвозіцца ў Алекшыцкую пральню.
У абавязковым наборы па­слуг – тыя, што прадугледжаны сацыяльнымі стандартамі.
Нельга не адзначыць, што загадчыца прымае заказы не толькі ў комплексна-прыёмным пункце. Яна ідзе, што называцца, “ у народ”. Іншы стары чалавек і купіў бы нешта, і заказ на паслугу зрабіў бы, толькі вось дабрацца да КПП яму ўжо складана, а патэлефанаваць не наважваецца. Да такіх загадчыца сама спяшаецца, а потым і выкананы заказ прынясе. Калі ж прывязуць новы тавар, яна не лічыць для сябе цяжкасцю зайсці да вяскоўцаў, паведаміць пра гэта.
— Мы шмат у чым можам дапа­магчы сяльчанам, — працягвае нашу з ёю гутарку Алена Уладзіміраўна.- І гадзіннік адрамантаваць, і тэлевізар, ды і халадзільнік таксама. Аказваем рытуальныя паслугі. Што датычыцца выбару рэалізуемых тавараў, у тым ліку пашытых у Доме быту, то асартымент яго, самі бачыце, немалы. Гэта вопратка, пасцельная бялізна, гардзіны, абутак, тавары бытавой хіміі і нават вунь насенне для агароду…
Добрыя словы пра Алену Курыла я пачула не толькі ад яе землякоў, але і ад дырэктара УКП “Бераставіцкі быткамбінат” Аляксандра Казлоўскага. А ў бухгалтэрыі прадпрыемства старанне загадчыцы Пархімаўскага комплексна-прыёмнага пункта пацвердзілі лічбамі. Ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ і паслуг Алена Уладзіміраўна атрымала ў мінулым годзе 139 мільёнаў рублёў. Чыста ж бытавых паслуг аказана ёю на 104 мільёны, у тым ліку на аднаго жыхара – на 135846 рублёў.
Марыя Драпеза



1 комментарий по теме “Бераставіцкія бытавікі працуюць дзеля зручнасці насельніцтва

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *