Бераставіцкія артысты падарылі настрой сельскім жыхарам

Лента новостей

04 05 06 10Год культуры крочыць па краіне. Мерапрыемстваў культурна-масавага характару сёлета праводзіцца значна больш. Жыхары Бераставіччыны гэта, напэўна ж, заўважылі. Прычым культурнае жыццё набыло актыўнасць не толькі ў гарпасёлку, але і ў аграгарадках раёна. Перад установамі культуры нашай рэспублікі пастаўлена задача: актывізаваць канцэртную дзейнасць у сельскай мясцовасці, павысіць колькасць наведванняў культурна-масавых мерапрыестваў, палепшыць іх якасць. Так, у аграгарадках павінна праходзіць не менш чым два мерапрыемствы ў месяц з колькасцю гледачоў не менш чым 150 чалавек. У Гродзенскай вобласці і Бераставіцкім раёне распрацаваны графік правядзення такіх мерапрыемстваў, азнаёміцца з якім, дарэчы, можна на сайце райвыканкама і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама ва ўстановах культуры на месцах.

Яскравым прыкладам актыўнай канцэртнай дзейнасці на Бераставіччыне ў Год культуры стала пятніца, 15 красавіка.
У гэты дзень адзначаўся Міжна­родны дзень культуры, заснаваны ў 1998 годзе і папулярны ў апошнія гады як сімвал аб’яднання лю­дзей розных нацыянальнасцей, асэнсавання важнасці культурных каштоўнасцей у развіцці сусветнага грамадства. 15 красавіка ў многіх краінах свету прахо­дзяць шматлікія фестывалі, канферэнцыі і культурныя мерапрыемствы. Бераставіцкі раён не стаў выключэннем. Адразу тры народных і адзін узорны калектыў выступілі ў аграгарадках Бераставіччыны.
Так, народны хор ветэранаў вайны і працы «Памяць сэрца» (хормайстар Таццяна Панасюк, акампаніятар Яўген Раброў) парадаваў слухачоў аграгарадка Стары Дворац канцэртам пад назвай «Чароўны свет музыкі». У праграме хору прагучалі народныя песні, песні ваенных і пасляваенных гадоў. Выступілі салісты Нэлі Касьян, Зінаіда Зямцова, Соф’я Конік і Уладзімір Сізоў, трыо мужчын у складзе Франца Фрыдэля, Георгія Страхі і Уладзіміра Сізова. Са сцэны прагучалі таксама вершы і жартоўныя мініяцюры, у тым ліку і ўласнага сачынення ўдзельнікаў калектыву. Вершы і гумарэскі чыталі Яўгенія Дзяжко, Георгій Страха, Таццяна Якімовіч і Марыя Сідаркевіч. Публіка вельмі цёпла прымала калектыў. На працягу ўсяго канцэрта ў зале не змаўкалі гарачыя апладысменты.
Жыхарам Малой Бераста­віцы ў гэты дзень падарыў сваю творчасць і пазітыўны настрой народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі» (хормайстар Юрый Заяц). Акрамя беларускіх народных і абрадавых песень, а таксама песень айчынных і самадзейных кампазітараў у канцэрце прагучалі аўтарскія песні акампаніятара Ніны Суднік і творы ў тэкставай апрацоўцы Людмілы Цыбулькі.
Канцэрт дзіцячай творчасці пад назвай «Сузор’е талентаў» з удзелам узорнага эстрадна-інструментальнага ансамбля “Tutti” (кіраўнік Вадзім Антоненка) адбыўся на базе філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Пагранічны. Ніводнага слухача ў зале не пакінула абыякавым яркае эмацыянальнае выступленне юных духавікоў. Папулярныя, добра вядомыя шырокай аўдыторыі мелодыі ў апрацоўцы кіраўніка ансамбля Вадзіма Барысавіча абудзілі ва ўсіх, хто прысутнічаў на канцэрце, самыя светлыя пачуцці. Дапоўнілі выступленні ансамбля эстрадныя вакальныя нумары мясцовых юных удзельніц аматарскай творчасці Карыны Леваненя, Вікторыі Трэйга, Паліны Бялевіч і Маргарыты Рабровай.
Народны ансамбль польскай песні «Стокроткі» філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Макараўцы (хормайстар Вікторыя Бажко) прадставіў сваю канцэртную праграму жыхарам аграгарадка Канюхі. Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі, а таксама ў Рэспубліцы Польшча. І заўсёды атрымлівае станоўчы водгук публікі. Канцэрт у Канюхах гэта толькі пацвердзіў. Традыцыйная праграма “Стокротак”, якая складаецца з польскіх і беларускіх народных песень, была дапоўнена эстраднымі нумарамі ў выкананні Антона Бажко, Анастасіі Мартыш, Івоны Ігнатовіч і Марыны Праневіч. Выступіў таксама мясцовы работнік культуры Сяргей Гуж. Вядучыя праграмы – удзельнікі гуртка мастацкага чытання “Першацвет” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Макараўцы Уладзіслаў Барцэвіч і Эльвіра Бандаровіч. Выступленне макараўскага калектыву было ўспрынята слухачамі, як кажуць, на ўра і пакінула ў іх яркія ўражанні і прыемныя эмоцыі.
Культурна-масавыя мерапрыемствы розных форм і жанраў будуць праводзіцца ў аграгарадках і надалей.

Святлана Ганчарова

Фота Яны Зорынай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *