«Беларускае роднае слова…» У Бераставіцкай раённай бібліятэцы дзейнічае выстава да Дня беларускага пісьменства

Культура Лента новостей

У абанементнай зале Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага дзейнічае кніжна-ілюстрацыйная выстава «Беларускае роднае слова…», прысвечаная Дню беларускага пісьменства. Якая літаратура прадстаўлена і на што чытачам звярнуць увагу – чытайце ў матэрыяле.
Выстава мае падраздзелы – “З гісторыі беларускага пісьменства”, “Мысліцелі і асветнікі Беларусі”, “Беларускі першадрукар Францыск Скарына”. Асобная паліца прысвечана адметным мясцінам і славутасцям Бялыніцкага раёна, які сёлета прымае Дзень беларускага пісьменства.
Ці можа наша Бераставіччына мець дачыненне да гісторыі беларускага пісьменства? Аказваецца, так. Дакладней, з ёю звязаны ўладальнікі Вялікай Бераставіцы Аляксандр і Рыгор Хадкевічы. На выставе прадстаўлена інфармацыя на гэты конт. Ваявода навагрудскі, маршалак гаспадарскі Аляксандр Іванавіч Хадкевіч (1475-1549) фундаваў будаўніцтва царквы Звеставання ў Супраслі Гродзенскага павета Вялікага княства Літоўскага (зараз Польшча). Вакол царквы паўстаў мужчынскі манастыр братоў базылянаў, у якім знаходзілася адна з самых буйных бібліятэк ВКЛ. У ёй захоўваліся старадрукі і каштоўныя рукапісы, дзейнічаў скрыпторыум, дзе ствараліся рукапісныя кнігі. Гетман ВКЛ Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч (каля 1500-1572) – фундатар Заблудаўскай друкарні (1568). У дзейнасці друкарні прымалі ўдзел Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, якія перасяліліся ў Заблудаў (каля Беластока) з Масквы. У 1569 годзе яны надрукавалі першае на Беларусі друкаванае Евангелле – “Евангелле вучыцельнае”, у якім былі змешчаны творы візантыйскай, балгарскай, старажытнарускай пісьменнасці. Дарэчы, у экспазіцыі музея Вавёркі знаходзіцца асобнік-копія заблудаўскага Евангелля як сімвал таго, што выданне ўбачыла свет, дзякуючы ўладальніку Вялікай Бераставіцы Рыгору Хадкевічу.


Сярод прозвішчаў вядомых беларускіх асветнікаў – Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага – ёсць і менш вядомыя, але безумоўна заслугоўваючыя ўвагі. Напрыклад, кніжная экспазіцыя прапануе чытачам пазнаёміцца з дзейнасцю Іпація Пацея – беларускага пісьменніка-палеміста, філосафа, багаслова, дзяржаўнага, палітычнага і царкоўнага дзеяча, які ўнёс значны ўклад у рэфармаванне старабеларускай літаратурнай мовы, і ўслед за вялікімі асветнікамі клапаціўся аб развіцці нацыянальнай культуры. А яшчэ пачытаць пра Афанасія Філіповіча, ці Афанасія Брэсцкага, – святога беларускай праваслаўнай царквы, грамадскага, палітычнага і царкоўнага дзеяча, пісьменніка-публіцыста першай паловы XVII ст.

Чытачоў зацікавіць і кніга Марата Батвінніка “Азбука на ўсе часы”, дзе распавядаецца пра буквары для першапачатковага навучання грамаце, якія выходзілі ў ВКЛ і над якімі працавалі выдатныя асветнікі XVI-XVIII ст. – Скарына, Фёдараў, Собаль і іншыя.
Чым адметная бялыніцкая зямля? Гэта – адзін з самых маляўнічых куткоў Беларусі, шчодрых на прыгажосць прыроды, працавітых і мужных людзей, слаўную гісторыю. Выстава з дапамогай адпаведнай літаратуры робіць экскурс па Бялыніцкаму раёну і расказвае пра яго каштоўнасці і вядомых асоб. У прыватнасці, можна пазнаёміцца з творчасцю ўраджэнца бялыніцкай зямлі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі – беларускага жывапісца-пейзажыста, акадэміка жывапісу (1908) Расійскай Імператарскай Акадэміі мастацтваў, члена Саюза рускіх мастакоў, Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (з 1922), народнага мастака БССР (1944) і РСФСР (1947), ганаровага акадэміка Акадэміі навук Беларускай ССР (1947), члена Акадэміі мастацтваў СССР (1947), які развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу канца XIX ст. і вывеў жанр беларускага пейзажнага жывапісу на ўзровень еўрапейскай класікі.
На выставе прадстаўлены і шэраг іншых твораў, якія даюць уяўленне пра развіццё беларускага пісьменства і кнігадруку, а таксама людзей, чый ўклад у гэтую важную справу неацэнны.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *