Азімы рапс убіраюць на палях Бераставіцкага раёна

Лента новостей

Намалаціць не менш за 2 мільёны тон збожжа – такая важная задача пастаўлена перад хлебаробамі Гро-дзеншчыны. Кожны год у агульны намалот уносяць свой значны ўклад і аграрыі нашага раёна.
Да канца тыдня і пры спрыяльным надвор’і на Бераставіччыне пачнецца масавая ўборка. Пакуль убіраюць азімы рапс. На 15 ліпеня па раёне ўбрана 59% ад запланаванага, поўнасцю ўбралі гэтую культуру ў СВК “Цецяроўка” (ураджайнасць 15,9 цэнтнера з гектара), і найбольш у РУСП “Масаляны” – 90% (ураджайнасць 28,3 цэнтнера з гектара). У лідарах па ўраджайнасці – СВК імя Варанецкага – 35,8 і СВК “Пархімаўцы” – 32,8.
РУСП “Масаляны” – адна з тых гаспадарак, якая з года ў год дапамагае Бераставіччыне быць у сузор’і лепшых па вобласці і рэспубліцы. Гэта адзначаецца на самым высокім узроўні. У мінулым годзе галоўны аграном Сяргей Калеснік стаў пераможцам па Гродзенскай вобласці ў рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых. “Больш атрымаць пры меншых выдатках” – такое крэда гэтага выдатнага спецыяліста. Вось і ў гэтым годзе ў гаспадарцы своечасова разлічваліся аптымальныя тэрміны работ, і ўсе яны якасна выконваліся. Сяргей – чалавек дасведчаны і камунікабельны, з вялікім ужо вопытам работы. Слова яго – аўтарытэтнае, людзі заўсёды паважаюць яго меркаванне. Вялікі вопыт мае і загадчык участка Віктар Хахлоў. Спецыялісты стараюцца, каб і ў гэтым годзе ўборка прайшла ў аптымальны тэрмін і якасна.
Ураджай тут вырашчаны добры. Пад азімы рапс у РУСП “Масаляны” адведзена 120 гектараў, пад яравы ячмень — 80, азімую пшаніцу – 204, яравую – 126, азімае трыцікале – 360, грэчку – 20, авёс – 10. У мінулым годзе азімая пшаніца давала і па 80 цэнтнераў з гектара. Будзем спадзявацца, што парадуе і гэты год. Зразумела, не абыходзіцца і без цяжкасцей. Нядаўняя навальніца нарабіла палегласці. На такіх месцах прыйдзецца выкарыстоўваць сцеблапад’ёмнікі, яны ёсць да ўсіх камбайнаў.
На жніве будуць працаваць 5 камбайнаў. Усе яны спраўныя, укамплектаваны механізатарамі. На імпартным “Лексіёне – 580” будзе малаціць Аляксандр Іваноўскі, на двух КЗС – 12 – Іван Антановіч і Юрый Калюта, на КЗС – 10 – Аляксандр Максімік, на “Лідзе – 1300” – Аляксандр Якімовіч. Усе яны людзі адказныя і паважаныя ў калектыве.
А сапраўдным падарункам стане новы зернесушыльны комплекс. Зараз ён у стадыі здачы.
На здымку: Віктар Хахлоў і Сяргей Калеснік.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *