Ад надзейнасці тэхнікі залежыць многае

Лента новостей

Вясной гэтага года службе Дзяржтэхнагляду спаўняецца 55 гадоў. Яе гісторыя вядзе свой пачатак ад таго, што ў 1958 годзе урадам СССР было прынята важнае рашэнне аб свабодным продажы трактароў і сельскагаспадарчых машын калгасам і саўгасам. А для таго, каб ажыццяўляць належны нагляд за станам машынна — трактарнага парку і тым самым захаваць бяспеку людзей, была створана адпаведная служба. Адначасова ўвялі пасады інжынераў па тэхнічным аглядзе.

У 1961 годзе служба Дзяржтэхнагляду была перададзена арганізацыі “Саюзсельгастэхніка”. Праводзіліся розныя пера­ўт­варэнні. З 1992 года быў выбраны аптымальны варыянт — работай органаў Дзяржтэхнагляду кіруе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. За амаль 55-гадовы тэрмін існавання гэтай службы стан паднагляднай тэхнікі ў краіне знаходзіцца на дастойным ўзроўні, які дазваляе выконваць маштабныя задачы, падтрымліваць харчовую бяспеку краіны і павялічваць экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі.
У нашым раёне начальнікам раённай інспекцыі Дзяржтэхна­г­ляду з’яўляецца Анатолій Станкевіч, стаж работы якога ў службе хутка дасягне 25 гадоў. Бераставіччына неаднаразова перамагала ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. А ня­даўна рашэннем калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь па выніках рэспубліканскага агляду па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна–абслуговай базы сельгасарганізацый для работы ў зімовых умовах па падрыхтоўцы машынна– трактарнага парку да вясенне–палявых работ 2013 года наш раён заняў першае месца ў рэспубліцы. За апошнія 25 гадоў гэта ўжо чацвёртая такая важкая перамога. Варта адзначыць, што ў інспекцыі Дзяржтэхнагляду па штаце ўсяго адзін чалавек. Анатолій Пятровіч з’яўляецца і начальнікам, і інспектарам адначасова. Ён вядзе ўліковую работу, выдае пасведчанні трактарыстам, прымае ў іх экзамены, вырашае многія іншыя важныя і неадкладныя пытанні. Але самае галоўнае – гэта кантроль за станам тэхнікі. У полі зроку зараз 9 юрыдычных асоб, якія займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, 15 фермерскіх гаспадарак, а таксама юрыдычныя асобы, вытворчасць сельгаспрадукцыі для якіх не з’яўляецца абавязковай. Колькасць машын з рухавікамі, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання Дзяржтэхнагляду, на пачатак гэ­тага года перавысіла тысячу. Усе яны зарэгістраваны і на ўсе выдадзены дзяржаўныя рэгістрацыйныя дакументы.
Кожны год ва ўсіх гаспадарках, іншых арганізацыях, якія маюць тэхніку, праводзяцца тэхагляды. Яны вядуцца ў адпаведнасці з графікам, зацверджаным рашэннем райвыканкама.
Па выніках праведзенага тэхагляду кожны год вызначаюцца лепшыя гаспадаркі. Кіраўнікоў і лепшых галоўных інжынераў заахвочваюць матэрыяльна. Гэта з’яўляецца добрым стымулам для спаборніцтва сярод сельгаскааператываў і спецыялістаў.
Акрамя тэхаглядаў, ажыц­цяўляюцца праверкі тэхнікі на лініі. Пры выяўленні няспраўнасцей забараняецца эксплуатацыя тэх­нічных сродкаў. Калі ме­ханізатар ведае, што трактар не адпавядае патрабаванням бяспекі і сядае за руль, яму выносіцца папярэджанне або чалавек прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. Начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду не пакідае без увагі такіх выпадкаў. Пасведчанне будзе вернута парушальніку толькі пасля таго, як заплачаны штраф. Службовыя асобы – кіраўнікі, інжынеры таксама нясуць адказнасць у такіх выпадках. Эксплуатацыя няспраўнай тэхнікі недапушчальная.
У інспекцыі зараз зарэ­гі­­­ст­раваны таксама 307 адзі­нак тэхнікі, якія знаходзяцца ў аса­бістым карыстанні жы­ха­роў Бераставіччыны. Яны прад’­яўляюць яе для тэхагляду.
Кожны год у сакавіку праходзіць традыцыйная сустрэча работнікаў Дзяржтэхнагляду рэспублікі. На гэты раз яна адбылася нядаўна ў Віцебскай вобласці. Там вялася гутарка пра вынікі мінулага года і задачы на гэты. А 9 чалавек з Гродзенскай вобласці, сярод якіх і Анатолій Станкевіч, былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў АПК.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *