Адметныя мясціны Масалян – у фотаздымках

Год малой родины Лента новостей

Аграгарадок Масаляны – маляўнічы куточак Бераставіччыны з багатай гісторый. Мястэчка вядомае перабудаванай у савецкія часы прыгожай панскай сядзібай роду Біспінгаў, каталіцкай капліцай ля возера сярэдзіны XIX стагоддзя, царквой Раства Багародзіцы, 1796 года пабудовы і сваім знакамітым ураджэнцам, паэтам Іванам Леткам. З гэтымі і іншымі адметнасцямі Масалян, адлюстраванымі на фотаздымках, сёння можна пазнаёміцца ў Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы. У Год малой радзімы тут адкрылася фотавыстава, арганізаваная пры фінансавай падтрымцы РУСП “Масаляны”.

Падчас адкрыцця выставы намеснік дырэктара Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага Святлана Станкевіч выказала падзяку адміністрацыі прадпрыемства ў асобе намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Юліі Навакоўскай за аказаную матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы экспазіцыі, якая цяпер упрыгожвае залу масалянскай бібліятэкі разам з жывапіснымі мясцовымі краявідамі пэндзля мастака Мікалая Жлабовіча і партрэтам Івана Леткі, намаляваным мастаком Аляксандрам Ваўчком.

– РУСП “Масаляны” на працягу многіх гадоў аказвае нам спонсарскую дапамогу, падтрымлівае многія нашы пачынанні, – адзначыла Святлана Віктараўна. – Прадпрыемства пастаянна выдаткоўвае сродкі на перыядычныя выданні для Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэкі. Пры падрыхтоўцы фотавыставы, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Юлія Віктараўна не толькі адгукнулася на просьбу набыць фотарамкі для здымкаў, але і сама, як мясцовая, падказала некалькі ідэй для сюжэтаў. Спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва, таму што ўсе культурна-адукацыйныя мерапрыемствы праводзяцца на карысць мясцовых жыхароў, працаўнікоў сельгаспрадпрыемства.

Ганаровы грамадзянін раёна, навуковы супрацоўнік музея Вавёркі Мікалай Пацэнка правёў для прысутных невялічкі экскурс у гісторыю Масалян, адкуль, дарэчы, родам і дзед Мікалая Іванавіча. У архіўных дакументах мястэчка ўпамінаецца ў сувязі са сходам вёскі ў 1902 годзе знагоды будаўніцтва пачатковай школы, а таксама ў 1906 годзе зноў жа ў сувязі са сходам жыхароў па абмеркаванню аднаўлення вёскі пасля буйнога пажару.

Мікалай Іванавіч расказаў пра славуты род уладальнікаў Масалян Біспінгаў, пра знакамітага паэта Івана Летку, які нарадзіўся ў мястэчку, і іншых вядомых ураджэнцаў вёскі.

 Былы дырэктар саўгаса “Бераставіцкі” (як раней называлася РУСП “Масаляны”) Анатолій Семянюк – чалавек, зацікаўлены гісторыяй мястэчка і  нераўнадушны да праблем роднага куточка, актыўны ўдзельнік грамадска-культурнага жыцця аграгарадка – выказаў прапанову стварыць музей у двухпавярховым будынку, які захаваўся ад панскага маёнтка, дзе размяшчалася ў свой час кухня і жыла прыслуга.

На фотавыставе прадстаўлены царква Раства Багародзіцы, брама і агароджа канца ХVIII- пачатаку ХIХ ст., капліца ХIХ ст., помнік землякам, загінуўшым у гады вайны 1941-1945 гг., масалянская сядзіба з малюнка Напалеона Орды, хата рыбака сярэдзіны  ХIХ ст., масалянскі спіртзавод, правае крыло былога палацу Біспінгаў, масалянскі парк сярэдзіны ХVII ст., іншыя будынкі і куточкі, сярод якіх і ўжо не існуючыя. Як адзначыла загадчык філіяла “Масалянская інтэграваная сельская бібліятэка” Ірына Канеўская, выставала карыстаецца попытам у чытачоў розных узростаў.

На адкрыцці выставы прысутнічалі старшыня Алекшыцкага сельвыканкама Віталій Галавач і намеснік  дырэктара па ідэалагічнай рабоце Юлія Навакоўская.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *