Аграрыі Бераставіччыны вядуць падрыхтоўку да зімы

Лента новостей

Машынны двор “Грыцавічы” СВК “Цецяроўка” знаходзіцца ў маляўнічым месцы. Вакол прыгожыя бярозы, а сама тэрыторыя добраўпарадкаваная, з клумбамі, дзе кветкі цвітуць нават позняй восенню. Відаць адразу, што працуюць тут добрыя гаспадары, зацікаўленыя, каб і тэхніка працавала спраўна, і настрой у людзей быў прыемны.
Загадчык майстэрні “Грыцавічы” Аляксандр Розэль родам з Ашмянскага раёна. Ён закончыў Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж і свой працоўны шлях пачынаў у СВК “Цецяроўка” механікам. У гаспадарцы заўважылі, што, нягледзячы на маладосць, чалавек ён дасведчаны і сур’ёзны. Зараз яму падпарадкоўваецца некалькі дзясяткаў працаўнікоў, і начальнікам сваім яны задаволены. Ён не сядзіць у кабінеце, а асабіста ўнікае ва ўсе праблемы, дапамагае людзям. Пра механізатараў, вадзіцеляў і іншых працаўнікоў, занятых на палях і ў майстэрні гаворыць з цеплынёй і павагай, з пашанай ставіцца да іх нялёгкай працы.
Восень ужо перайшла на сваю другую палову, але ў гаспадарцы працягваюцца палявыя работы. На ўборцы цукровых буракоў шчыруе зараз на “Вервайце” механізатар Андрэй Клімчук. На ворыве заняты Васіль Шкулепа і Віктар Дзямянчык.
Два камбайны “Лексіён – 580” і тры КЗС -1218 “Палессе” тут ужо падрыхтаваны да захавання на зіму. Яны памытыя і адрамантаваныя. Падрыхтаваны і памяшканні. Рамонт тэхнікі кожны год пачынаецца адразу пасля ўборкі. Складзены графік, які зацверджаны старшынёй СВК Віктарам Піўко. Задача ставіцца, каб да сяўбы тэхніка была ў парадку.
— У нас вельмі добрая матэрыяльная база, — гаворыць Аляксандр Розэль. – Тэхніка служыць доўга, дзякуючы ў першую чаргу нашым механізатарам, якія беражліва і граматна яе эксплуатуюць. Людзі ў нас працуюць адказныя. Гэта Рыгор Шамчук, Сяргей Журавенка, Васіль Шкулепа, Аляксандр Кухарчык, Віктар Ярмолік і іншыя. А Мікалая Красніцкага можна з поўным правам назваць токарам “залатыя рукі”. Заслужылі шчырую павагу слесар Аляксандр Якуш, механік Мікалай Гардзейка. Ёсць у нас і адна жанчына, запраўшчык Ірына Ласкевіч. Яна ўжо даўно на гэтым месцы. Яе работа таксама вельмі патрэбная.
Дзякуючы майстэрству людзей, якія берагуць і любяць тэхніку, гаспадарка эканоміць на запчастках вялікія грошы.
— У нас дружны калектыў, — працягвае нашу размову Аляксандр. – У мяне добрая работа, мне падабаецца мой занятак. Надаем увагу тэхніцы бяспекі, вядзем адпаведны журнал. А нядаўна для нашых працаўнікоў зрабілі тры душавыя, паклалі ў іх плітку, каб для людзей былі добрыя бытавыя ўмовы.
Сапраўды, пасля ўбачанага сваімі вачамі ў мяне застаецца прыемнае ўражанне. Было адразу відаць, што людзі тут стараюцца…
На здымку: Мікалай Красніцкі, Аляксандр Розэль, Васіль Шкулепа, Мікалай Гардзейка.

Уцяпляюць ферму, аднаўляюць дах

Свінагадоўля па-ранейшаму застаецца перспектыўнай галіной сельскай гаспадаркі. Мяса свіней ахвотна купляюць і ў краіне, і за мяжой. Попыт на яго пастаянна расце.
На рэпрадуктарнай ферме “Кашанцы” СВП “АраМір” рыхтуюцца да зімы. Тут уцяпляецца ўжо другі будынак (на здымку), робіцца новы дах.
— Пасля рамонту ў цэху апаросу стала значна цяплей, — гаворыць загадчыца Бярнарда Шарай. – А ў гэтым будынку будуць вырошчвацца парасяты трох-чатырох месяцаў. Ім таксама патрэбна цяпло.
З пачатку года тут на 439 галоў больш атрымана парасят. На 35 тон узрасла валавая прывага свіней, а сярэднясутачная па ферме дасягнула 544 грамы (плюс 109 грамаў).
Бярнарда Антонаўна ўпэўнена, што “чалавечы фактар” і зараз, у век тэхналогій, застаецца адным з самых галоўных. Таму з вялікай цеплынёй гаворыць пра вопытных свінаводаў Ірыну Леанідаўну Пятруцый, Лілію Вітольдаўну Стальмашук, Таццяну Васільеўну Петрасян, Таццяну Антонаўну Андрушэвіч, Людмілу Міхайлаўну Леваненя, Аксану Валер’еўну Балацько. Вялікая адказнасць ляжыць на работніках, якія заняты на ферме ноччу, яны добра выконваюць свае абавязкі. Гэта Міхаіл Мікалаевіч Леваненя і іншыя.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *